Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Притчи 17 глава

1 Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам.
2 Разумны раб валадарыць над шалапутным сынам і між братамі падзеліць спадчыну.
3 Плавільня — на срэбра, і гарніла — пад золата, а сэрцы выпрабоўвае Гасподзь.
4 Ліхадзей слухае вусны беззаконных, ілгун слухаецца вуснаў беззаконных.
5 Хто ганіць убогага, той ганіць Госпада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня.
6 Вянок старых — сыны сыноў, і словы дзяцей — бацькі іхнія.
7 Ня прыстоіць неразумнаму важная прамова, тым болей знакамітаму — вусны ілжывыя.
8 Хабар — каштоўны камень у вачах таго, хто валодае ім; куды ні зьвернецца ён, яму шчасьціць.
9 Хто прыкрывае правіну — шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра.
10 На разумнага мацней дзее вымова, чым на неразумнага сто ўдараў.
11 Злосьнік шукае толькі зла; таму жорсткі анёл будзе пасланы супраць яго.
12 Лепей сустрэць чалавеку мядзьведзіху зьбязьдзетненую, чым неразумнага ў дрымоце ягонай.
13 Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло.
14 Пачатак свары — як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна.
15 Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага — абодва агідныя Госпаду.
16 Навошта скарб у руках у неразумнага? Каб набыць мудрасьць, у яго няма розуму.
17 Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці.
18 Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго.
19 Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шукае падзеньня.
20 Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду.
21 Калі нарадзіў хто немысьля — сабе на гора, і бацька немысьля не парадуецца.
22 Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці.
23 Бязбожны вымае гасьцінец з-за пазухі, каб скрывіць шляхі правасудзьдзя.
24 Мудрасьць — перад абліччам у разумнага, а вочы неразумнага — на канцы зямлі.
25 Неразумны сын — прыкрасьць бацьку свайму і крыўда маці сваёй.
26 Нядобра і вінаваціць невінаватага, і біць вяльможу за праўду.
27 Разумны і ўстрымлівы ў словах сваіх, і разумны мае халодную кроў.
28 І неразумны, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі замыкае вусны свае.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.