Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
1 Тимофею 4 глава
1 Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,
2 праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,
3 якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.
4 Бо кожнае стварэньне Божае — добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,
5 бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.
6 Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.
7 А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;
8 бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.
9 Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.
10 Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.
11 Прапаведуй гэта і вучы.
12 Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.
13 Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.
14 Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.
15 Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.
16 Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.
1 Тимофею 4 глава в переводах