Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

От Луки 2 глава

Нараджэнне Езуса1 У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
2 Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі.
3 Усе пайшлі запісвацца, кожны ў свой горад.
4 Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда,
5 каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай.
6 А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць.
7 І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.
8 У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак.
9 З’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
10 Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу,
11 бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан.
12 І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях».
13 Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:
14 «Хвала на вышынях Богу,а на зямлі спакой людзям добрай волі».
15 Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан».
16 Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях.
17 А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця.
18 Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі.
19 А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.
20 І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
21 Калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус, якое было названа анёлам перад Яго зачаццем ва ўлонні.
Ахвяраванне Езуса ў святыні22 А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану,
23 — як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; —
24 і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.
25 Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім.
26 Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана.
27 І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону,
28 ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:
29 «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,паводле слова Твайго, у спакоі;
30 бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
31 якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
32 святло для асвятлення язычнікаўі хвалу народу Твайго Ізраэля».
33 А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго.
34 І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць.
35 А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
36 Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў;
37 удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы.
38 Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.
Вяртанне ў Назарэт39 Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
40 Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.
Дванаццацігадовы Езус у святыні41 Бацькі Езуса хадзілі штогод у Ерузалем на свята Пасхі.
42 І калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі ў Ерузалем паводле звычаю свята.
43 Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, застаўся Хлопец Езус у Ерузалеме, і не заўважылі гэтага Ягоныя бацькі.
44 Думаючы, што Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дарогі і тады пачалі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.
45 Не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалем, шукаючы Яго.
46 Пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.
47 А ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Яго.
48 Убачыўшы Яго, яны здзівіліся, і сказала Яму Маці Ягоная: «Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? Вось бацька Твой і я балюча перажывалі, шукаючы Цябе».
49 Ён сказаў ім: «Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»
50 Але яны не зразумелі таго, што Ён сказаў ім.
Жыццё ў Назарэце51 І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. А Маці Яго захавала ўсе гэтыя словы ў сэрцы сваім.
52 Езус жа ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей.

От Луки 2 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.