Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Луки 4 глава
Выпрабаванне Езуса ў пустыні1 Езус, напоўнены Духам Святым, вярнуўся з-над Ярдана, і вадзіў Яго Дух па пустыні
2 сорак дзён, а д’ябал выпрабоўваў Яго. І нічога не еў у тыя дні, а калі яны скончыліся, згаладаўся.
3 Тады д’ябал сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаў хлебам».
4 Езус адказаў яму: «Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек”».
5 Тады д’ябал павёў Яго і паказаў Яму ў імгненне ўсе валадарствы свету.
6 І сказаў Яму д’ябал: «Я дам Табе ўсю гэтую ўладу і славу іх, бо яна мне перададзена, і каму хачу, даю яе.
7 Калі Ты паклонішся мне, уся будзе Тваёй».
8 У адказ Езус сказаў яму: «Напісана: “Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць”».
9 Тады завёў Яго ў Ерузалем, паставіў на крыле святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз,
10 бо напісана: “Анёлам сваім загадае пра Цябе,каб ахоўвалі Цябе”
11 і: “Яны на руках панясуць Цябе,каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень сваёй нагой”».
12 А Езус сказаў яму ў адказ: «Сказана: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».
13 Скончыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябал адступіў ад Яго да пары.
ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІПачатак дзейнасці14 Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы.
15 А Ён навучаў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
Езус у Назарэце16 Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць.
17 Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:
18 «Дух Пана на Мне,бо Ён намасціў Мянеабвяшчаць Добрую Навіну ўбогім,паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палоннымі сляпым вяртаць зрок,каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
19 каб абвясціць год ласкі Пана».
20 Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго.
21 І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі».
22 Усе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: «Ці ж не сын Юзафа гэта?»
23 А Ён сказаў ім: «Напэўна, скажаце мне такую прыказку: “Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме”».
24 І сказаў: «Сапраўды кажу вам: ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго.
25 Сапраўды кажу вам: шмат удоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было зачынена тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі.
26 І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай.
27 Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача сірыйца Наамана».
28 Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам
29 і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго.
30 Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў.
У сінагозе ў Кафарнауме31 І прыйшоў у Кафарнаум, галілейскі горад, і навучаў іх у дні шабату.
32 І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, таму што слова Ягонае мела ўладу.
33 Быў у сінагозе чалавек, які меў нячыстага духа. Ён закрычаў моцным голасам:
34 «Ах! Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы».
35 Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» Тады злы дух кінуў яго на сярэдзіну і выйшаў з яго, нічым не нашкодзіўшы яму.
36 І здзіўленне ахапіла ўсіх, і казалі адзін аднаму: «Што гэта за слова, што з ўладаю і моцай Ён загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць?»
37 І разнеслася пагалоска пра Яго па ўсёй навакольнай мясцовасці.
Аздараўленні ў доме Пятра38 Выйшаўшы з сінагогі, Езус увайшоў у дом Сымона. Цешчу Сымонаву ахапіла моцная гарачка. Таму прасілі Яго за яе.
39 Стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы, і тая пакінула яе. Адразу ўстаўшы, яна прыслужвала ім.
40 На захадзе сонца ўсе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Езуса. Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, аздараўляў іх.
41 З многіх таксама выходзілі з крыкам злыя духі і казалі: «Ты — Сын Божы». Але Ён забараняў і не дазваляў ім казаць, бо яны ведалі, што Ён Месія.
42 Калі настаў дзень, Езус выйшаў і адправіўся ў пустыннае месца. А людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі, каб не адыходзіў ад іх.
43 Але Ён сказаў ім: «Таксама іншым гарадам Мне трэба абвяшчаць Добрую Навіну пра Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы».
44 І прапаведаваў у сінагогах Юдэі.
От Луки 4 глава в переводах