Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Луки 5 глава
Пакліканне першых вучняў1 Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт.
2 І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі.
3 Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна.
4 Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову».
5 Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі».
6 Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі.
7 І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі.
8 Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны».
9 Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім,
10 а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей».
11 А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
Аздараўленне пракажонага12 Калі Ён быў у адным з гарадоў, з’явіўся чалавек увесь у праказе. Убачыўшы Езуса, ён упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
13 Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу праказа сышла з яго.
14 Але Езус загадаў яму нікому не расказваць, а пайсці, паказацца святару і скласці ахвяру за сваё ачышчэнне, як наказаў Майсей, дзеля сведчання ім.
15 Аднак чуткі пра Яго яшчэ больш распаўсюджваліся, і вялікае мноства людзей сыходзілася, каб слухаць Яго і атрымаць аздараўленне ад сваіх немачаў.
16 А Ён адыходзіў у пустынныя месцы і маліўся.
Аздараўленне паралізаванага17 Аднойчы, калі Езус навучаў, былі там фарысеі і кніжнікі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілеі і Юдэі і з Ерузалема. І моц Пана была з Ім, каб мог аздараўляць.
18 І вось людзі прынеслі на ложы паралізаванага чалавека, і спрабавалі ўнесці яго ў дом, каб пакласці перад Ім.
19 А калі праз натоўп не змаглі пранесці яго, залезлі на дах дома і праз страху спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам.
20 Убачыўшы іх веру, Ён сказаў: «Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае».
21 А кніжнікі і фарысеі пачалі разважаць, кажучы: «Хто ён такі, што блюзнерыць? Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?»
22 Пазнаўшы іх думкі, Езус сказаў ім у адказ: «Як думаеце ў сэрцах вашых?
23 Што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?
24 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму: «Кажу табе: устань, вазьмі насілкі свае і ідзі да дому свайго».
25 Той адразу, устаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў да свайго дому, славячы Бога.
26 Жах ахапіў усіх, яны славілі Бога і, напоўненыя страхам, казалі: «Дзіўнае мы бачылі сёння».
Пакліканне Левія27 Выйшаўшы пасля гэтага, Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною».
28 Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім.
29 І наладзіў Левій для Яго вялікую гасціну у сваім доме. Было там шмат мытнікаў і іншых, якія былі з імі за сталом.
30 Фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы вучням Ягоным: «Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?»
31 А Езус сказаў ім у адказ: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым.
32 Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў».
Пытанне пра пост33 Яны сказалі Яму: «Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобна і вучні фарысеяў, а Твае ядуць і п’юць».
34 Езус адказаў ім: «Ці можаце прымусіць гасцей на вяселлі пасціць, калі з імі жаніх?
35 Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, тады будуць пасціць у тыя дні».
36 І расказаў ім прыпавесць: «Ніхто не разрывае новай вопраткі, каб прышыць лату да старой вопраткі. Інакш і новая парвецца, і да старой не падыдзе лата ад новай.
37 І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш маладое віно парве мяхі і само выцячэ, і мяхі прападуць.
38 Але маладое віно трэба наліваць у новыя мяхі.
39 І ніхто, выпіўшы старога, не хоча маладога, бо кажа: “Старое лепшае!”»
От Луки 5 глава в переводах