Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

От Луки 7 глава

Аздараўленне слугі сотніка1 Калі скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум.
2 У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў.
3 Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.
4 Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта,
5 бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу».
6 І Езус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.
7 Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
8 Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
9 Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!»
10 Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
Уваскрашэнне сына ўдавы з Наін11 На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп.
12 Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. Шмат людзей з горада ішло разам з ёю.
13 Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: «Не плач!»
14 І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!»
15 Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай.
16 Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ».
17 Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.
Сведчанне Езуса пра Яна Хрысціцеля18 І расказалі Яну вучні яго пра ўсё гэта.
19 Паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Пана спытацца: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?»
20 Калі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: “Ці Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?”»
21 У той самы час Езус шмат каго вылечыў ад хвароб, немачаў і ад злых духаў і многіх сляпых адарыў зрокам.
22 І Ён сказаў ім у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна.
23 І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».
24 Калі ж пасланцы Яна адышлі, Ён пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае?
25 На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто багата апранаецца і раскошна жыве, знаходзяцца ў каралеўскіх палацах.
26 На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока.
27 Гэта той, пра каго напісана: “Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.
28 Кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма нікога большага за Яна. Але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».
29 Увесь народ, які слухаў яго, і мытнікі прызналі справядлівым Бога і ахрысціліся Янавым хростам.
30 А фарысеі і кніжнікі адкінулі волю Божую адносна сябе і не прынялі хросту ад яго.
31 А Ён працягваў: «З кім параўнаю людзей гэтага пакалення? Да каго яны падобныя?
32 Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і аклікаюць адны другіх, кажучы: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі,мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі!”
33 Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: “У ім злы дух!”
34 Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!”
35 І была апраўдана мудрасць усімі дзецьмі сваімі».
Прабачэнне грэшніцы36 Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, заняў месца за сталом.
37 І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён заняў месца за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон міра
38 і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала мірам.
39 Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: «Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца».
40 Езус сказаў яму ў адказ: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе». Той прамовіў: «Скажы, Настаўнік».
41 «У аднаго пазыкадаўцы былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.
42 Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?»
43 Сымон адказаў: «Думаю, той, каму больш даравана». Ён сказаў яму: «Ты правільна разважыў».
44 І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі.
45 Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі ўвайшла, няспынна цалуе Мне ногі.
46 Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна мірам намасціла Мне ногі.
47 Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць».
48 А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае».
49 І тыя, хто быў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: «Хто Ён такі, што нават грахі адпускае?»
50 А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі!»

От Луки 7 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.