Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

От Луки 8 глава

Жанчыны, якія служылі Пану1 Пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і паселішчах, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Валадарства Божае. Былі з Ім Дванаццаць,
2 а таксама некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хвароб: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем злых духаў;
3 Яна, жонка Хузы, чыноўніка Ірада; Зузана і шмат іншых, якія дапамагалі ім маёмасцю сваёй.
Прыпавесць пра сейбіта4 Калі сабраўся вялікі натоўп і людзі з розных гарадоў прыходзілі да Яго, Ён расказаў прыпавесць:
5 «Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. Калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго.
6 Другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
7 Іншае ўпала між церняў, і разам вырасла, але церні заглушылі яго.
8 Іншае ўпала на добрую зямлю і, калі ўзышло, прынесла плён у сто разоў большы». Кажучы гэта, заклікаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Чаму Езус навучае ў прыпавесцях?9 Пыталіся ў Яго вучні Ягоныя, што значыць гэтая прыпавесць.
10 А Ён сказаў: «Вам дадзена пазнаць таямніцу Валадарства Божага, а да астатніх гавару ў прыпавесцях, каб, гледзячы, не бачылі і, слухаючы, не разумелі.
Тлумачэнне прыпавесці пра сейбіта11 Вось што азначае гэтая прыпавесць: зерне — гэта слова Божае.
12 Што пры дарозе — гэта тыя, хто слухае, але потым прыходзіць д’ябал і забірае слова з іхняга сэрца, каб не паверылі і не збавіліся.
13 Што на скале — гэта тыя, хто пачуе і з радасцю прымае слова, але не мае кораня. Яны вераць часова, а ў пару выпрабавання адыходзяць.
14 Што ўпала ў церні — гэта тыя, хто чуе, аднак турботы, багацце і ўцехі жыцця паглынаюць іх, і яны не прыносяць плёну.
15 А што на добрай зямлі — гэта тыя, хто, пачуўшы слова, захоўвае яго ў добрым і чыстым сэрцы і прыносіць у цярплівасці плён.
Прыпавесць пра светач16 Ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінай і не ставіць пад ложак, але ставіць яго на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло.
17 Бо няма нічога схаванага, што б не стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася.
18 Таму зважайце, як слухаеце. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што, як здаецца яму, ён мае».
Маці і браты Езуса19 Прыйшлі да Яго Маці Ягоная і браты Ягоныя. І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу.
20 Тады паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы ўбачыць Цябе».
21 Ён сказаў ім у адказ: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго».
Суцішэнне буры22 У адзін з тых дзён Ён увайшоў у човен, а за Ім вучні Яго. І сказаў ім: «Пераправімся на другі бок возера». І адплылі.
23 Пакуль плылі, Ён заснуў. І паднялася на возеры бура ад ветру, і човен стаў залівацца вадой, і яны апынуліся ў небяспецы.
24 Тады вучні падышлі да Езуса, абудзілі Яго і сказалі: «Настаўнік, Настаўнік, мы гінем!» Ён падняўся і загадаў ветру і хвалям — і яны спыніліся, і настала ціша.
25 Тады сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны, спалоханыя, дзівіліся, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён такі, што загадвае вятрам і вадзе, і яны Яго слухаюцца?»
Выгнанне злых духаў26 І прыплылі яны ў край геразенаў, што насупраць Галілеі.
27 Калі ж Ён выйшаў на сушу, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, які быў апанаваны злым духам, з даўняга часу не апранаў адзенне і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
28 Убачыўшы Езуса, ён упаў перад Ім і гучна закрычаў: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Прашу Цябе, не муч мяне».
29 Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека, таму што той доўгі час мучыў яго, так што звязвалі ланцугамі і трымалі ў кайданах яго, але ён разрываў путы і злы дух гнаў яго на пустынныя месцы.
30 Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Легіён», бо шмат злых духаў увайшло ў яго.
31 І малілі Езуса, каб Ён не загадаў ім пайсці ў бездань.
32 А быў там вялікі статак свіней, якія пасвіліся на гары. І злыя духі малілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
33 Тады злыя духі выйшлі з чалавека і ўвайшлі ў свіней. І кінуўся статак з кручы ў возера, і патануў.
34 Пастухі, убачыўшы тое, што здарылася, уцяклі і расказалі ў горадзе і вёсках.
35 А людзі выйшлі паглядзець, што адбылося. Прыйшлі да Езуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі злыя духі, сядзеў апрануты і ў розуме каля ног Езуса, і спалохаліся.
36 Бо відавочцы расказалі ім, як быў аздароўлены апанаваны злымі духамі.
37 Увесь люд краю геразенаў прасіў Яго пайсці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Езус увайшоў у човен і вярнуўся.
38 А той чалавек, з якога выйшлі злыя духі, стаў прасіць Езуса застацца з Ім. Але Ён адпусціў яго, кажучы:
39 «Вярніся да дому свайго і раскажы ўсё, што ўчыніў табе Бог». Той пайшоў і распавёў па ўсім горадзе ўсё, што ўчыніў яму Езус.
Аздараўленне жанчыны і ўваскрашэнне дачкі Яіра40 Калі Езус вярнуўся, натоўп прывітаў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў чалавек, па імені Яір, які быў кіраўніком сінагогі. Ён прыпаў да ног Езуса і стаў упрошваць Яго зайсці да дому ягонага,
42 таму што яго адзіная дачка, узростам каля дванаццаці гадоў, памірала. Калі Езус пайшоў, натоўп ціснуўся да Яго.
43 І была адна жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк і растраціла ўсю маёмасць сваю на лекараў, але ніхто не мог вылечыць яе.
44 Яна, падышоўшы ззаду да Езуса, дакранулася да краю плашча Ягонага, і адразу ж спыніўся крывацёк у яе.
45 А Езус спытаўся: «Хто дакрануўся да Мяне?» Калі ж усе адмаўлялі, Пётр сказаў: «Настаўнік, народ тоўпіцца вакол Цябе і цісне».
46 Але Езус сказаў: «Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў, як сіла выйшла з Мяне».
47 Тады жанчына, убачыўшы, што яна не ўтаілася, з трымценнем падышла і, упаўшы перад Ім, прызналася перад усімі людзьмі, чаму дакранулася да Яго і як адразу выздаравела.
48 Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі».
49 Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў нехта з дому ад кіраўніка сінагогі і сказаў: «Твая дачка памерла, больш не турбуй Настаўніка».
50 Але Езус, пачуўшы гэта, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер — і яна будзе ўратаваная».
51 Прыйшоўшы ў дом, Ён не пусціў з сабой нікога, акрамя Пятра, Яна і Якуба, бацькі і маці дзяўчынкі.
52 І ўсе галасілі і смуткавалі па ёй. Але Ён сказаў: «Не плачце, яна не памерла, а спіць».
53 Насміхаліся з Яго, бо ведалі, што яна памерла.
54 Тады Ён, узяўшы яе за руку, паклікаў яе: «Дзяўчынка, устань!»
55 І вярнуўся дух яе. Яна адразу паднялася, а Ён загадаў даць ёй паесці.
56 Здзівіліся бацькі яе. А Езус наказаў ім нікому не расказваць, што адбылося.

От Луки 8 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.