Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
От Луки 8 глава
1 І сталася потым: хадзіў Ён па гарадах і вёсках, навучаючы і несучы Добрую Вестку аб Божым Валадарстве, і былі з Ім дванаццаць
2 і некалькі жанчын, якіх Ён вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, якую звалі Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў,
3 Ёана, жонка Хузы, пракуратара Ірадава, і Зузана, і многа іншых, якія служылі Яму з маёмасці сваёй.
4 А калі сабраўся вялікі натоўп ды з розных гарадоў спяшаліся да Яго, Ён сказаў у параўнанне:
5 «Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. І, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было стаптана, ды птушкі нябесныя падзяўблі яго.
6 А другое ўпала на камень і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
7 Трэцяе ўпала паміж церняў, і церні, вырасшы, заглушылі яго.
8 Чацвёртае ўпала на добрую зямлю і, калі вырасла, дало плод у сто разоў большы». Гэта кажучы, усклікваў: «Хто мае вушы слухаць, хай слухае».
9 Вучні Яго пыталіся затым ў Яго, што значыць гэтая прыпавесць.
10 Ён ім сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а іншым яны праз прыпавесці, хоць, гледзячы, яны не бачаць і, слухаючы, не разумеюць.
11 А гэта такое параўнанне: зерне — гэта Слова Божае.
12 А што пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, ды пасля прыходзіць д’ябал і вырывае слова з сэрца іх, каб, не паверыўшы, не былі збаўлены.
13 А што на камені — гэта тыя, што слухаюць ды з радасцю прымаюць слова; але не маюць кораня і вераць да часу, і ў час згаршэння адпадаюць.
14 Каторае ж упала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць; але, ідучы, клопатамі, і багаццем, і раскошаю жыцця заглушаюцца і не прыносяць плода.
15 А што ў добрай зямлі — гэта тыя, што, добрым і шчырым сэрцам слухаючы слова, берагуць яго ды прыносяць плады ў цярплівасці.
16 Ніхто, запаліўшы свечку, не ставіць яе пад пасудзіну або пад ложак, але ставіць на падсвечніку, каб бачылі святло тыя, што ўваходзяць.
17 Бо няма нічога схаванага, што не было б выяўлена, ані таемнага, што б не спазналася і не выйшла на яву.
18 Глядзіце ж, як вы слухаеце. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто не мае, у таго нават тое, што, яму здаецца, ён мае, будзе аднята».
19 Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падысці з-за натоўпу людзей.
20 І паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы Цябе пабачыць».
21 А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго».
22 І сталася аднаго дня, што Ісус з вучнямі Сваімі ўвайшоў у лодку і гаворыць ім: «Пераправімся праз возера». І паплылі.
23 І, калі яны плылі, заснуў. І наляцеў моцны вецер на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небяспецы.
24 І, падышоўшы, абудзілі Яго, кажучы: «Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!» Дык Ён устаў і забараніў ветру і хваляванню вады, і яны супакоіліся, і настала ціша.
25 І сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны ж, напалоханыя, былі здзіўлены, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вятрам і вадзе загадвае, і яны Яго слухаюць?»
26 Затым паплылі яны ў краіну Гадарынскую, што насупраць Галілеі.
27 І, калі выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; і ўжо доўгі час не надзяваў ён вопраткі і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
28 І, як убачыў ён Ісуса, упаў перад Ім, ускрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне не мучыў».
29 Бо Ісус загадаў нячыстаму духу, каб ён выйшаў з чалавека. А той ужо ад даўнейшага часу валодаў ім, і звязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах; і, парваўшы ланцугі, быў ён гнаны дэманам у пустыню.
30 Дык запытаўся ў яго Ісус, кажучы: «Якое тваё імя?» А ён сказаў: «Легіён», бо многа дэманаў увайшло ў яго.
31 І прасілі Яго, каб не загадваў ім ісці ў бездань.
32 А там на гары пасвіўся вялікі статак свінняў. Дык прасіліся ў Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
33 І тады выйшлі дэманы з чалавека і ўвайшлі ў свінняў, і статак рынуўся са стромы ў возера, і патануў.
34 Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках.
35 Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Ісуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць апрануты і ў здаровым розуме ля ног Ісуса, і апанаваў іх страх.
36 А тыя, што бачылі, расказалі ім, як быў уратаваны той, што цярпеў пакуту ад дэмана.
37 І ўвесь шматлікі народ краіны Гадарынскай прасіў Яго, каб Ён пакінуў іх, бо былі ахоплены вялікім страхам. І Ісус, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
38 А той чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб застацца пры Ім. Але Ісус адправіў яго, кажучы:
39 «Вярніся ў дом твой і расказвай, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што Ісус учыніў яму.
40 Калі Ісус вярнуўся, пераняў Яго натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.
41 І вось, прыйшоў чалавек, на імя Яір, ён быў начальнік сінагогі, і паў да ног Ісуса, просячы Яго, каб увайшоў у дом яго,
42 бо была ў яго дачка адзіная, гадоў каля дванаццаці, і яна памірала. І калі Ісус ішоў, народ націскаў на Яго.
43 І адна жанчына, што была дванаццаць гадоў крывацечнай, выдала на лекараў усю сваю маёмасць, і ніхто яе не аздаравіў,
44 яна падышла ззаду і дакранулася да краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэнне крыві ў яе.
45 І гаворыць Ісус: «Хто дакрануўся да Мяне?» А калі ўсе адмаўляліся, Пётра і быўшыя з ім сказалі: «Вучыцель, людзі націскаюць на Цябе і штурхаюць, а Ты кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”».
46 Ісус жа сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што магутнасць выйшла з Мяне».
47 А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падышла ў трымценні і пала перад Ім, і перад усім народам прызналася Яму, чаму дакранулася да Яго і як адразу паздаравела.
48 А Ісус сказаў ёй: «Мацуйся, дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі».
49 Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыйшоў з дома начальніка сінагогі, кажучы яму: «Дачка твая памерла, не турбуй Вучыцеля».
50 Але Ісус, пачуўшы гэтае слова, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер, і будзе яна збаўлена».
51 І, калі Ісус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсці, адно Пётры, Яну і Якубу разам з бацькам і маці дзяўчынкі.
52 А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: «Не плачце, бо яна не памерла, але спіць».
53 Дык смяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
54 А Ён, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»
55 І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і Ён загадаў даць ёй есці.
56 І здзівіліся яе бацькі; Ён жа загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.
От Луки 8 глава в переводах