Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

2 Петра 3 глава

У чаканні Божага суда1 Умілаваныя, гэта ўжо другое пасланне пішу вам; у іх праз напамін абуджаю вашыя чыстыя думкі,
2 каб вы памяталі словы, сказаныя раней святымі прарокамі і запаведзь Пана і Збаўцы, перададзеную вашымі Апосталамі,
3 ведаючы перадусім тое, што з’явяцца ў апошнія дні з кпінамі насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваёй пажадлівасці
4 і пытацца: «Дзе абяцанне Ягонага прыйсця? Бо ад часоў, калі пачалі паміраць айцы, усё трывае так, як ад пачатку стварэння».
5 Яны ж не хочуць зразумець, што праз Божае слова здаўна існуюць нябёсы і зямля паўстала з вады і праз ваду,
6 таму і загінуў тагачасны свет, затоплены вадою.
7 Цяпер жа нябёсы і зямля падтрымліваюцца тым жа словам і захоўваюцца для агня на дзень суда і згубы бязбожных людзей.
8 Умілаваныя, гэта адно няхай не будзе схавана ад вас, што ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень.
9 Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння.
10 Прыйдзе ж дзень Пана, як злодзей. І тады нябёсы прамінуць з вялікім шумам, распаленыя стыхіі разбурацца, а зямля і ўсё створанае на ёй згараць.
11 Калі так гэта будзе знішчана, дык якімі ж трэба быць у святым жыцці і пабожнасці вам,
12 якія чакаеце і прыспешваеце прыйсце Божага дня, калі палаючыя нябёсы будуць знішчаны і распаленыя стыхіі растопяцца.
13 Але мы, паводле Ягонага абяцання, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх прабывае справядлівасць.
Заклік да чування14 Таму, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас бездакорнымі і беззаганнымі, у спакоі,
15 а доўгацярплівасць Пана лічыце збаўленнем, як і ўмілаваны наш брат Павел дзякуючы атрыманай мудрасці напісаў вам,
16 як і ва ўсіх пасланнях, у якіх ёсць цяжкія для зразумення рэчы, і невукі ды нясталыя ў веры перакручваюць гэта, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу.
Заканчэнне17 Таму вы, умілаваныя, ведаючы гэта наперад, сцеражыцеся, каб, зведзеныя памылкамі беззаконных, вы не страцілі ўласны грунт пад нагамі.
18 Але ўзрастайце ў ласцы і пазнанні нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амэн.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.