Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
2 Петра 3 глава
1 Любасныя, гэта ўжо другое Пасланьне пішу да вас; у іх напамінаньнем пабуджа́ю шчырую думку вашую,
2 каб вы памята́лі словы, раней сказаныя праз сьвятых прарокаў і праз Апосталаў нашых — прыказаньні Госпада і Збаўцы.
3 Перад усім ве́дайце тое, што ў апошнія дні зьявяцца насьміха́льнікі, што ходзяць паводля сваіх уласных пажаданьняў;
4 і скажуць; дзе ябяцаньне прыходу Ягонага? Як ста́лі паміра́ць ба́цькі ўсё гэтак астаецца ад пачатку стварэньня.
5 Бо ад іх па іхнаму (уласнаму) жаданьню-выбару закрыта тое, што нябёсы былі здаўна́, а зямля створана з вады і ў вадзе Словам Бога;
6 з-за чаго тагачасны сьвет загінуў, затоплены вадою,
7 а цяперашнія нябёсы і зямля, Словам Ягоным зьберага́емыя, захоўваюцца для агню на дзень суду і загу́бы бязбожных людзей.
8 Адно ж тое ня павінна быць ад вас утоена, любасныя, што адзін дзень у Госпада, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень.
9 Ня марудзіць Госпад з абяцаньнем, як (гэта) нікаторыя за маруднасьць уважаюць, але доўга церпіць нас, ня хочучы каго-не́будзь загубíць, але каб усіх да пакаяньня прывесьці.
10 Прыйдзе́ ж дзень Госпада, як злодзей уначы, у які нябёсы з шумам счэзнуць, зямля і ўсе ўчынкі на ёй будуць спалены, і (астатнія) элеме́нты (апаганеныя грахом чалавека) будуць спалены і разбураны.
11 Такім чынам, (калі) усё гэтае (так) разбураецца, дык якімі належыць вам быць у сьвятым жыцьцí і на́бажнасьці,
12 што чака́еце і жада́еце прыходу дня Бога, у якім нябёсы, распаленыя агнём, будуць разбураны, і (астатнія) элеме́нты, па́леныя агнём, будуць разбураны?
13 Мы ж чакаем згодна Ягонаму абяцаньню новыя Нябёсы і новую Зямлю, на якіх Праведнасьць жыве.
14 Дык чакаючы гэта, умілаваныя, пастарайцеся зьявіцца перад Ім у міры, нязаплямленымі і бяздакорнымі.
15 І доўгацярплівасьць Госпада нашага лічыце збаўленьнем, як і любасны наш брат Паўла згодна дадзенай яму мудрасьці напісаў вам.
16 Як і ўва ўсіх Пасланьнях гаворачы ў іх пра гэта, у якіх ёсьць нешта цяжка зразумелае, што не́вукі і няўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і другія Піса́ньні.
17 Дык вы, умілаваныя, ведаючы (гэта) наперад, пазбягайце, каб захапіўшыся заблуджэньнем бяззаконьнікаў, ня адпасьці ад свайго ўмацаваньня,
18 але ўзрастайце ў Багадаці і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер і ў дзень вечнасьці. Амін.
2 Петра 3 глава в переводах