Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
2 Коринфянам 5 глава
Надзея на хвалу ў небе1 Мы ведаем, што калі зямны дом нашага жылля разваліцца, то ад Бога маем жыллё — нерукатворны вечны дом у нябёсах.
2 Таму мы ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нябесны дом.
3 Каб толькі нам, апранутым, не аказацца голымі.
4 Бо мы, знаходзячыся ў гэтым шатры, уздыхаем пад цяжарам, бо не хочам распрануцца, але апрануцца, каб тое, што смяротнае, было паглынута жыццём.
5 А Бог, які стварыў нас для гэтага, даў нам задатак Духа.
6 Маючы ўпэўненасць у кожнай хвіліне, ведаем, што
7 калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Пана, бо жывём вераю, а не бачаннем.
8 Аднак, маючы ўпэўненасць, мы больш хочам пакінуць цела і пасяліцца ў Пану.
9 Таму стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго.
10 Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці дрэннае.
Паяднанне людзей з Богам11 Таму, ведаючы боязь Пана, мы пераконваем людзей, а для Бога мы адкрытыя. Спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумленняў.
12 Мы не імкнемся нанова паказаць вам сябе, але даем нагоду хваліцца намі, каб вы маглі супрацьстаяць тым, хто хваліцца знешнімі рэчамі, а не тым, што ў сэрцы.
13 Калі ж мы гублялі розум, то дзеля Бога; калі ж былі пры розуме, дык дзеля вас.
14 Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.
15 Ён памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага.
16 Таму адгэтуль мы нікога не ведаем паводле цела. Калі ж і ведалі Хрыста паводле цела, то сёння ўжо не ведаем.
17 Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае.
18 Усё ад Бога, які праз Хрыста паяднаў нас з сабою і даў нам служэнне паяднання,
19 таму што Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на правіны людзей, і даў нам слова паяднання.
20 Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся як бы пасланцамі Бога, які заклікае праз нас. Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам.
21 Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.
2 Коринфянам 5 глава в переводах