Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Колоссянам 1 глава
УСТУППрывітанне1 Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і брат Цімафей —
2 святым і верным братам у Хрысце, якія ў Калосах: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага.
Малітва падзякі за каласянаў3 Дзякуем Богу, Айцу нашага Пана Езуса Хрыста, заўсёды, калі молімся за вас,
4 бо мы пачулі пра вашую веру ў Хрысце Езусе і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых
5 дзеля надзеі, што захавана для вас у нябёсах. Вы пачулі пра яе раней у слове праўды Евангелля,
6 якое прыйшло да вас. І як яно прыносіць плён і расце ва ўсім свеце, так і сярод вас, пачынаючы з дня, калі вы пачулі і пазналі Божую ласку ў праўдзе.
7 Вы навучыліся ёй ад Эпафраса, нашага ўмілаванага супольніка ў служэнні, вернага слугі Хрыстовага для вас,
8 які і выявіў нам вашую любоў у Духу.
Малітва-просьба Паўла9 Таму і мы, з таго дня, калі пачулі пра вас, няспынна молімся і просім, каб вы напоўніліся пазнаннем Яго волі ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні;
10 каб вы паступалі годна Пана і ва ўсім падабаліся Яму, прыносячы плён ва ўсякай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнанні Бога;
11 каб вы цалкам умацоўваліся паводле моцы славы Ягонай для поўнай вытрываласці і доўгацярплівасці. З радасцю
12 дзякуйце Айцу, які зрабіў вас здольнымі ўдзельнічаць у спадчыне святых у святле,
13 які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства свайго ўмілаванага Сына,
14 у якім мы маем адкупленне і адпушчэнне грахоў.
БЯССПРЭЧНАЯ ПЕРАВАГА ХРЫСТАГімн Хрысту — вобразу нябачнага Бога15 Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння.
16 Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана.
17 Ён ёсць перад усім, і ўсё трывае ў Ім.
18 Ён — Галава цела, гэта значыць, Касцёла. Ён — пачатак, першародны з памерлых, каб ва ўсім Ён меў першынство.
19 Бо спадабалася Богу, каб у Ім жыла ўся паўната
20 і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы спакой праз кроў Ягонага крыжа.
Плады адкуплення ў жыцці Касцёла21 Хоць вы калісьці былі адчужаныя і варожыя паводле мыслення і сваіх ліхіх справаў,
22 цяпер Ён прымірыў вас у сваім зямным целе праз сваю смерць, каб паставіць вас перад сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі,
23 калі толькі вы сапраўды непарушна і цвёрда трываеце ў веры і не даеце адвесці сябе ад надзеі Евангелля, якое пачулі і якое было абвешчана ўсяму стварэнню пад небам, слугою якога стаў я, Павел.
Паслуга Паўла ў Касцёле24 Цяпер я радуюся за вас у цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл,
25 слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб абвяшчаць слова Божае,
26 таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым.
27 Ім захацеў Бог адкрыць сярод язычнікаў багацце славы гэтай таямніцы, якою ёсць Хрыстус сярод вас — надзея славы.
28 Яго мы абвяшчаем, настаўляючы і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага дасканалым у Хрысце.
29 Дзеля гэтага я і працую, змагаючыся Яго моцаю, якая магутна дзейнічае ўва мне.
Колоссянам 1 глава в переводах