Библия » Пераклад Яна Станкевіча
2 Паралипоменон 17 глава
1 І закараляваў Ясапат, сын ягоны, замест яго; і ўмацаваўся ён супроці Ізраеля.
2 І пастанавіў ён войска ў вусі ўмацаваныя месты Юдэі, і расстанавіў абароннае войска па зямлі Юдэйскай а па местах Яхрэмавых, каторыя ўзяў Аса, айцец ягоны.
3 І быў СПАДАР ізь Ясапатам, бо ён хадзіў першымі дарогамі Давіда, айца свайго, і ня шукаў Ваалоў;
4 Але Бога айца свайго шукаў, і хадзіў у расказаньнях Ягоных, а ня подле падзеяў Ізраеля.
5 І ўмацаваў СПАДАР каралеўства ў руццэ ягонай, і давалі ўсі Юдэі дары Ясапату, і было ў яго шмат багацьця а славы.
6 І ўзьнялося сэрца ягонае на дарогах СПАДАРОВЫХ; і таксама аддаліў ён узвышшы а гаі ў Юдэі.
7 Трэйцяга году дзяржавы свае, ён паслаў князёў сваіх: Бенгаіла а Оваду а Захару а Нефанэля а Міхаю, вучыць люд па местах Юдзіных,
8 І зь імі Левітаў: Шэмаю а Нефаню а Зэваду а Азагэля а Шэмірамофа а Егонафана а Адоню а Тову а Тоў-Адоню, і зь імі: Елішаму а Егорама, сьвятароў.
9 І яны вучылі ў Юдэі, маючы із сабою кнігу закону СПАДАРОВАГА; і абходзілі ўсі месты Юдэі, і вучылі сярод люду.
10 І быў страх СПАДАРОЎ на ўсіх каралеўствах земляў, што навокал Юдэі, і не ваявалі зь Ясапатам.
11 І ад Пілішчан прыносілі Ясапату дары а дань-срэбра; таксама Арабаве прыганялі да яго драбны статак: бараноў сем тысячаў сямсот і казлоў сем тысячаў сямсот.
12 І ўзьвялічыўся Ясапат надзвычайна, і збудаваў ён у Юдэі замкі а месты запасаў.
13 Шмат было ў яго работы ў местах Юдэйскіх, а ў Ерузаліме людзёў ваенных, дужасілаў.
14 І во лік іх па дамох айцоў іхных: у Юдэі князі тысячаў: Адна, князь, і ў яго трыста тысячаў мужоў дужых а дужасілаў;
15 За ім Его-Ганан, князь, і ў яго дзьвесьце асьмідзясят тысячаў;
16 За ім Амася Зыхранок, што пасьвяціў сябе СПАДАРУ, і ў яго дзьвесьце тысячаў ваюноў дужасілаў.
17 У Веняміна: Еляда дужасіл, і ў яго ўзброеных лукам а шчытам дзьвесьце тысячаў;
18 За ім Егозавад, і ў яго сто асьмідзясят тысячаў узброеных вояў.
19 Гэта, служачыя каралю, звыш тых, каторых кароль пастанавіў у вабаронных местах скрозь у Юдэі.
2 Паралипоменон 17 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча