Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
2 Паралипоменон 17 глава
1 Цараваў жа Язафат, сын яго, на месцы яго, ды ўмацаваўся ён супраць Ізраэля.
2 І паставіў ён войска ва ўсіх гарадах Юдэі, якія былі абкружаны мурамі; і размясціў на зямлі Юдэі гарнізоны, а таксама ў гарадах Эфраіма, якія здабыў Аса, бацька яго.
3 І Госпад быў з Язафатам, бо хадзіў ён першымі дарогамі бацькі свайго ды не ўскладаў надзею на Баалаў,
4 але на Бога бацькі свайго, і па прыказаннях Яго паступаў, і не паводле грахоў Ізраэля.
5 І ўмацаваў Госпад царства ў яго руцэ, дый уся Юдэя давала дары Язафату; і нажыў ён бязмежныя багацці і вялікую славу.
6 І калі сэрца яго набралася адвагі дзеля дарог Госпада, ён таксама выдаліў узгоркі і слупы з Юдэі.
7 А на трэці год валадарання свайго паслаў князёў сваіх: Бэнгайла, і Абдзію, і Захарыю, і Натанаэля і Міхея, каб навучалі ў гарадах Юдэі,
8 а з імі левітаў: Сямэю, і Натанію, і Забадзію, таксама Асаэля, і Сэмірамота, і Ёнатана, і Адонію ды Тобію — левітаў, і з імі святароў: Элісаму і Ёрама.
9 Вучылі яны ў Юдэі, маючы кнігу закону Госпадава, і абышлі ўсе гарады Юдэі, і навучалі народ.
10 Такім чынам, ажыў страх Госпадаў па ўсіх царствах земляў, што былі вакол Юдэі, і не адважваліся ваяваць супраць Язафата.
11 Але і ад філістынцаў прыносілі дары Язафату і даніну срэбрам; таксама арабы прыводзілі статкі бараноў у сем тысяч семсот, ды столькі ж казлоў.
12 Дык узрос Язафат, і праславіўся аж да неба, і пабудаваў у Юдэі замкі і гарады складаў.
13 І многа было ў яго пад рукою запасаў у гарадах Юдэі; таксама былі ў Ерузаліме баявыя ваяры і асілкі,
14 лік якіх паводле іх пакаленняў: у Юды кіраўнікамі войска былі: кіраўнік Эдна, і з ім трыста тысяч найдужэйшых ваяроў,
15 і на яго баку Ёганан кіраўнік, і з ім дзвесце восемдзесят тысяч чалавек,
16 таксама на яго баку Амасія, сын Зэхры, прысвечаны Госпаду, і з ім дзвесце тысяч мужных ваяроў.
17 А ад Бэньяміна мужны ў баях Эліяда, і з ім дзвесце тысяч лучнікаў і шчытаносцаў,
18 і на яго баку Ёзабад, і з ім сто восемдзесят тысяч спрактыкаваных ваяроў.
19 Яны ўсе былі пад рукой цара, за выключэннем тых, якіх ён размясціў ва ўмацаваных гарадах па ўсёй зямлі Юдэі.
2 Паралипоменон 17 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча