Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Притчи 7 глава
1 Сыну мой! дзяржы казані мае і расказаньні мае захавай у сябе;
2 Дзяржы расказаньні мае й жыві, і навуку маю, як зрэнка вока свайго;
3 Завяжы іх на палцы свае, напішы і на табліцы сэрца свайго;
4 Скажы мудрасьці: «Ты сястра мая» і назаві кемнасьць роднаю,
5 Каб усьцерагчы сябе ад чужое жонкі, ад чужаземкі зь лісьлівымі словамі;
6 Бо з акна дому свайго, пераз баконку сваю глядзеў я далоў,
7 І абачыў меж дурных, зацеміў меж дзяцюкоў маладзёна бяз розуму,
8 Торг пераходзячага ля рогу яго, і дарогаю міма дому ейнага йшоў,
9 Зьмярканьням, увечары, сярод ночы, у цемры.
10 І вось, — жонка наўпярэймы яму, у ўбору бязулі, і цікуючага сэрца,
11 Галасьлівая а ўпорлівая; ногі ейныя ня стыкаюцца ў доме ейным:
12 То вонках, то на вуліцы і ля кажнага вугла цікуе.
13 І схапіла яго, і цалавала яго, зь бессаромным відам гукала яму:
14 «Супакойныя аброкі ў мяне; сядні я споўніла абятніцы свае;
15 Затым вышла наўпярэймы табе, бязупынку шукаць віду твайго і знашла цябе;
16 Дыванамі я заслала пасьцелю сваю, калярыстымі тканінамі ягіпецкімі;
17 Напархумавала пасьцелю сваю мірам, алёям а цынамонам.
18 Хадзі, супоўна насыцьмася каханьнямі нашымі да раньня, пацешмася любосьцяй нашай;
19 Бо мужа няма ў доме ягоным, ён паехаў у далёкую дарогу;
20 Капшук із срэбрам ён узяў із сабою; у поўні месяца ён зьвернецца да дому свайго».
21 Яна сьхінула яго сваёй вымоўнасьцю, лісьлівымі вуснамі сваімі прысіліла яго.
22 Ён якга йдзець за ёю, як вол ідзець на зарэз, альбо як дурны ў зялезьзю на кару,
23 Пакуль дзіда не праб’ець печанцы ягоныя; як птушка барзьдзіць у сіло і ня ведае, што гэта супроці душы яе.
24 Дык цяпер слухайце, сынове, мяне, і ўважайце на словы вуснаў маіх:
25 Хай ня сьхінаецца на дарогі ейныя сэрца твае, ня блудзі па сьцежках ейных;
26 Бо шмат каго, раніўшы, паваліла яна, і ўсі моцныя забітыя ёю.
27 Дом ейны — дарогі шэолю, да пакояў сьмерці зводзячыя.
Притчи 7 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча