Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Притчи 7 глава
1 Сыне мой, беражы размовы мае і пастановы мае схавай у сабе.
2 Спаўняй настаўленні мае, каб жыў; захоўвай закон мой, як зрэнку вока свайго.
3 Завяжы іх на пальцах сваіх, напішы іх на табліцы сэрца свайго.
4 Кажы мудрасці: «Ты сястра мая» і разважлівасць заві сяброўкай,
5 каб захавала яна цябе ад чужой жонкі і ад чужой жанчыны, што гаворыць свае салодкія словы.
6 Бо праз акно дома свайго, праз краты гляджу я і назіраю за маладымі;
7 бачу я сярод моладзі юнака неразумнага,
8 які ідзе па вуліцы каля яе вугла і ідзе паблізу дарогі да дому яе,
9 упоцемку, калі дзень падыходзіць да вечара, у самай імгле і ў тумане.
10 І вось спяшаецца яму насустрач жанчына ў распусным адзенні і з хітрым сэрцам,
11 гаваркая і нястрыманая, што не выносіць супакой і не можа ўтрымаць ног сваіх у хаце сваёй:
12 то на плошчах, то на вуліцах каля вуглоў расстаўляе яна пасткі.
13 І мілуе яна схопленага і расцалаванага юнака, з юрлівым тварам гаворачы:
14 «Я прынесла ахвяру на здароўе, сёння я выканала зарокі свае,
15 таму выйшла табе насустрач, жадаючы цябе бачыць, — і знайшла цябе.
16 Дыванамі заслала я сваю пасцель, тканінамі рознакаляровымі з Егіпта,
17 Апрыскала я спальню сваю мірай, альясам і карыцаю.
18 Прыходзь, будзем упівацца ўцехамі, да раніцы цешыцца любоўю.
19 Бо няма мужа ў доме маім, пусціўся ў вельмі далёкую дарогу;
20 пояс грошай узяў з сабою, вернецца ён да дому свайго ў дзень поўні».
21 Прывабіла яна яго шматлікімі размовамі і заманіла яго ліслівасцю вуснаў сваіх.
22 Бязглузды, ідзе ён за ёй, як вол, якога вядуць на зарэз; як алень заблытваецца ён ў сіле,
23 пакуль страла не пранзае печань яго; як птушка, што спяшаецца да сіла і не ведае, што рашаецца справа жыцця.
24 Такім чынам, цяпер, сыне мой, слухай мяне і зважай на размовы вуснаў маіх.
25 Хай не ўтрымаецца розум твой на дарогах яе, і хай не падманваюць цябе сцежкі яе,
26 бо многіх зваліла яна параненымі, і нават вельмі моцныя людзі былі загубленыя ёю:
27 дом яе — дарогі ў пекла, што вядуць у глыбіні смерці.
Притчи 7 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча