Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Иезекииль 22 глава
1 І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
2 «І ты, сыну людзкі, ці будзеш судзіць, ці будзеш судзіць крывавае места? і азнаймі яму ўсі агіды ягоныя,
3 І скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Места разьлівае кроў сярод сябе, каб настала пара яго, і робе сабе балваны, каб плюгавіцца.
4 За кроў, што ты разьлівала, ты стала вінна, і балванамі, што ты зрабіла, ты сплюгавілася, і дабліжыліся дні твае, і прышло да год сваіх. За тое Я ўчыню цябе ганьбаю ў народаў і пасьмехам усім землям.
5 Блізкія й далёкія ад цябе будуць сьмяяцца зь цябе, вельмі клопатная, што сплюгавіла імя.
6 Гля, князі ізраельскія, кажны подле сілы свае, былі ў цябе, каб разьліваць кроў.
7 Айца й маці ўлегцы мелі ў цябе, чужаземцу рабілі ўціск у цябе, дакучалі, сірату а ўдаву крыўдзілі ў цябе.
8 Сьвятасьцямі Маімі ты грэбавала й сыботы Мае будзеніла.
9 У цябе людзі, што ўдаюць, каб разьліваць кроў, і ў цябе ядуць на горах, і сярод цябе бязуляць.
10 Голасьць айца ў цябе адкрывалі, адлучаную з прычыны нечысьці паніжылі ў вас.
11 Іншы із жонкаю прыяцеля свайго робе агіду, іншы сплюгавіў бязулствам нявестку сваю, іншы ў цябе паніжыў сястру, дачку айца свайго.
12 Лапаны бяруць у цябе, каб разьліваць кроў; працэнты зь лішніцаю ты бярэш, непасьцівай карысьцяй уціскаеш прыяцеля свайго, а Мяне забылася, — агалашае Спадар СПАДАР. —
13 Вось, затым Я лясну даланёю Сваёю на непасьцівы здабытак, што ты мела, і на кроў, што была сярод цябе.
14 Ці можа вытрывае сэрца тваё альбо можа рукі твае будуць моцныя тых дзён, калі Я займуся табою? Я, СПАДАР, казаў і ўчыню.
15 І рассыплю цябе меж народаў, і разьвею цябе па краёх, і здыйму нечысьць ізь цябе.
16 І ты будзеш будзеніць сябе на ачох народаў і даведаешся, што Я — СПАДАР’"».
17 І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
18 «Сыну людзкі! дом Ізраеляў стаў Імне выгаркамі: яны ўсі медзь а цына а зялеза а волава ў горне, срэбра стала выгаркамі.
19 Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што вы ўсі сталі выгаркамі, гля, Я зьбяру вас да Ерузаліму.
20 Як зьбіраюць да горна срэбра а медзь а зялеза а волава а цыну, каб разьдзьмухаць цяпло на іх, пералітаваць; так Я зьбяру ў гневе Сваім, у палкім гневе Сваім, і пакіну, і пералітую вас.
21 Але, Я зьбяру вас і хукну на вас цяплом гневу Свайго, і будзеце пералітаваны сярод яго.
22 Як літуецца срэбра ў горне, так вы будзеце пералітаваны ў ім; і даведаецеся, што Я, СПАДАР, выліў гнеў Свой на вас"».
23 І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
24 «Сыну людзкі! скажы ёй: "Ты зямля, неачышчаная й ненаводненая дажджом у дзень абурэньня".
25 Змова прарокаў ейных сярод яе, як равучы леў, разьдзіраючы здабытак; яны жаруць душы, яны бяруць скарбы а дарагія рэчы, памнажаюць ўдовы сярод яе.
26 Сьвятарове ейныя ўзрушылі права Мае й збудзенілі сьвятасьці Мае, не адрозьнююць сьвятога ад будзеннага й не паказавалі розьніцы меж нячыстага й чыстага, і хавалі вочы свае ад сыботаў Маіх, і Я збудзенены сярод іх.
27 Князі ейныя сярод яе, як ваўкі, здабытак разрываючыя, каб разьліваць кроў, губіць душы, прыдбаваць непасьцівую карысьць.
28 І прарокі ейныя мазалі іх нямернаю вапеннаю рашчынаю, бачачы марнасьць і вяшчуючы ману ім, кажучы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР", як СПАДАР не казаў.
29 І люд зямлі ўціскалі ўціскам, і глабалі глабаньням і ўбогага і беднага, і ашукавалі; чужаземца ўціскалі бяз суду.
30 І шукаў Я людзіны меж іх, каторая бы агарадзіла агарожу й стала ў праломе перад Імною за зямлю, каб Я не загубіў яе; але не знайшоў.
31 Дык Я выліў абурэньне Свае на іх і ў цяпле гневу Свайго выгубіў іх, дарогі іхныя абярнуў на галавы іхныя», — прагалашае Спадар СПАДАР.
Иезекииль 22 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча