Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
Деяния 2 глава
1 І як настаў дзень Пяцідзясятніцы, былí ўсе аднадушна разам.
2 І раптам зьявіўся зь неба шум, як бы ад наляцеўшага моцнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны былí.
3 І зьявіліся ім падзе́леныя языкі, быццам агнявыя, і апусьціліся па аднаму на кожнага зь іх.
4 І былí напоўнены ўсе Духам Сьвятым і пача́лі гаварыць другімі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.
5 Былі ж у Ярузаліме прыйшоўшыя жыды, мужчыны на́бажныя, са ўсякага народу пад небам.
6 І як загучаў гэты голас, сабраліся людзі і былі прыведзены ў зьдзіўленьне, бо чулі іх кожнага гаварыўшых на ягонай гаворцы.
7 І здумяваліся ўсе і дзіваваліся, кажучы адзін аднаму: усе гэтыя, што гавораць, ці ня галілейцы?
8 Як жа мы чуем кожны сваю гаворку, у якой народжаны?
9 Парты і мідзяне, і эляміты, і жыхары Мэзапатамы, Юдэі і Каппадокі, Понту і Азіі,
10 Прыгі і Памхвілі, Ягіпту і часьцяў Лібы, сумежных з Кірэнаю, ды прыходжыя рымляне, жыды і наверненыя,
11 крыцяне і арабы, чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра Веліч Бога!
12 І здумяваліся ўсе і зьдзіўлена гаварылі адзін аднаму, кажучы: што ж гэта можа быць?
13 Іншыя ж, насьмяхаючыся, казалі: яны напіліся салодкага віна.
14 Але Пётра ўстаўшы з адзінаццацьма, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужчыны жыдоўскія і ўсе жыхары Ярузаліму. Хай будзе гэта вам ведама, і выслухайце словы мае.
15 Яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня.
16 Але гэта ёсьць сказанае цераз прарока Ёэля:
17 і будзе ў апошнія дні, кажа Бог: выльлю ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і дзяцюкі вашыя будуць бачыць зьявы, і старыя вашыя будуць абразумляемы снабачаньнямі.
18 І на рабоў Маіх, і на рабынь Маіх у дні гэныя выльлю ад Духа Майго, і будуць прарочыць.
19 І дам цуды на небе наверсе і знакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым.
20 Сонца абернецца ў цемру і месяц у кроў перш, чым настане дзень Госпада, вялікі і слаўны.
21 І будзе: усякі, хто прыкліча Імя Госпада, будзе ўратаваны.
22 Мужчыны ізраэльскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужчыну засьведчанага між вамі ад Бога сіламі і цудамі і зна́камі, што зрабіў празь Яго Бог сярод вас, як і самі ведаеце,
23 Яго, прадвызначанага воляй і прадбачаньням Бога (і) пераданага, вы, узяўшы рукамі бяззаконных, прыцьвікаваўшы, забілі,
24 Якога Бог ускрасіў, разарваўшы мукі сьмерці, бо нямагчыма было, каб яна Яго ўтрымала.
25 Бо Давід пра Яго кажа: бачыў Я Госпада перада мною заўсёды, бо Ён ёсьць праваруч мяне, каб я ня пахіснуўся.
26 Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой, да таго ж, нават цела маё будзе жыць у надзеі,
27 таму што Ты ня пакінеш душу́ маю ў пекле, і ня дасі Сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.
28 Ты даў пазнаць мне шляхі жыцьця, Ты напоўніш мяне радасьцю перад Абліччам Тваім.
29 Мужчыны браты! Можна з адвагаю сказаць вам пра праба́цьку Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная знаходзіцца ў нас да гэтага дня.
30 А будучы прарокам і ведаючы, што Бог кляўся яму клятвай ад плоду паясьніцы ягонай па целу ўзьняць Хрыста і пасадзіць (Яго) на пасадзе Ягоным.
31 Прадбачучы ён сказаў пра ўваскрасе́ньне Хрыста, што ня пакінута Душа Ягоная ў пекле, і Цела Ягонае ня ўбачыла парахненьня.
32 Гэтага Ісуса ўскрасіў Бог, чаго ўсе мы сьведкі.
33 Вось, будучы ўзьнесены Правіцай Бога, і прыняўшы ад Бацькі абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што зараз вы бачыце і чуеце.
34 Бо Давід ня ўзыйшоў на нябёсы, але ён кажа: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
35 пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх.
36 Дык бяз сумніву хай ведае ўвесь дом Ізраэ́ляў, што і Госпадам і Хрыстом Ягоным Бог зрабіў Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.
37 Дык пачуўшы (гэта), яны сталіся (гэтымі словамі) прасякнутымі ў сэрцах (іхных) і прамовілі да Пятра і рэшты Апосталаў: што нам рабіць, мужчыны браты?
38 Пётра ж сказаў ім: пакайцеся, і хай будзе ахрышчаны кожны з вас у Імя Ісуса Хрыста для дараваньня грахоў, і (вы) атрымаеце дар Сьвятога Духа.
39 Бо вам ёсьць абяцаньне (гэтае) і дзецям вашым, і ўсім далёкім, каго б ні прыклікаў Госпад, Бог наш.
40 (І) многімі другімі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага.
41 Дык тыя, што прыхільна прыня́лі слова ягонае, былі ахрышчаны, і далучаны былі ў гэны дзень каля трох тысяч душ.
42 І трывалі (яны) увесь час у навуцы Апосталаў і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба ды ў малітвах.
43 Быў жа страх у кожнай душы. І многа цудаў і знакаў чынілася цераз Апосталаў.
44 І ўсе веручыя былі разам, і ўсё было ў (іх) супольнае.
45 Тады маёнткі і маёмасьці прадава́лі, і дзялілі яны ўсім, хто якую меў патрэбу.
46 І кожны дзень бываючы аднадушна ў Сьвятыні і ламаючы па дамох хлеб, прымалі страву ў радасьці і прастаце сэрца,
47 слаўлючы Бога і маючы прыхільнасьць усяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы ратуемых.
Деяния 2 глава в переводах