Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
2 Паралипоменон 16 глава
1 А на трыццаць шосты год царавання Асы напаў Бааса, цар Ізраэля, на Юдэю; і мурам акружыў Раму, каб ніхто не мог вольна выйсці і ўвайсці з царства Асы.
2 Дык узяў тады Аса срэбра і золата са скарбаў дома Госпадавага і з палаца царскага ды паслаў Бэнададу, цару Сірыі, які жыў у Дамаску, кажучы:
3 «Трывае дамова між мною і табою, і між маім бацькам і тваім бацькам; дзеля таго паслаў табе срэбра і золата, каб ты, разарваўшы дамову, якую маеш з Баасам, царом Ізраэля, прымусіў яго ад мяне адступіцца».
4 Бэнадад паслухаў цара Асу і паслаў кіраўнікоў войскаў сваіх у гарады Ізраэля; напалі яны на Агіён, і Дан, і Абэл-Маім і на ўсе склады гарадоў Нэфталі.
5 Калі пра гэта пачуў Бааса, перастаў адбудоўваць Раму ды спыніў сваю работу.
6 Затым цар Аса сабраў усю Юду, і забралі яны з Рамы камяні і дрэвы, якімі карыстаўся пры будаўніцтве Бааса, ды з іх пабудавалі Габу і Міцпу.
7 У той час прыйшоў Ханані Прадракальнік да Асы, цара Юдэі, ды сказаў яму: «Таму што ты меў надзею на цара Сірыі, а не на Госпада, Бога твайго, таму выйдзе з-пад рукі тваёй войска цара Сірыі.
8 Ці ж этыёпцы і лібійцы не былі вялікай сілай дзеля калясніц, і коннікаў, і вялікай колькасці? Іх, — бо ты верыў Госпаду, — аддаў Ён у рукі твае!
9 Вочы бо Госпадавы сочаць за ўсёю зямлёю, і даюць мужнасць тым, хто шчырым сэрцам верыць у Яго. Дык неразумна паступаў ты ў гэтым, бо ад цяперашняга часу пачнуцца войны супраць цябе».
10 І, разгневаўшыся на Прадракальніка, Аса загадаў яго ўкінуць у вязніцу, бо надта быў дзеля гэтага ўзлаваны; і ў той час мучыў Аса і другіх з народа.
11 А першыя і апошнія дзеянні Асы запісаны былі ў кнізе цароў Юдэі і Ізраэля.
12 Таксама захварэў Аса вельмі цяжкай хваробай ног на трыццаць дзевятым годзе свайго царавання; але і ў хваробе сваёй не шукаў Госпада, але больш спадзяваўся на майстэрства лекараў.
13 І супачыў Аса са сваімі бацькамі, і памёр на сорак першым годзе свайго валадарання.
14 І пахавалі яго ў яго труне, якую прыгатаваў сабе ў горадзе Давіда; і паклалі яго на ложку, поўным духмянасцей і розных намашчэнняў, што былі прыгатаваны майстэрствам гандляроў мазямі, і спалілі іх пры пахаванні вялікае мноства.
2 Паралипоменон 16 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча