Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

2 Паралипоменон 33 глава

1 Калі Манаса стаў царом, меў дваццаць гадоў, і пяцьдзесят пяць гадоў цараваў у Ерузаліме.
2 А ён рабіў тое, што ліхім было ў вачах Госпада, па агіднасцях паганаў, якіх Госпад выдаліў перад сынамі Ізраэля.
3 І, адвярнуўшыся ад Бога, аднавіў узгоркі, якія перавярнуў Эзэкія, бацька яго, і пабудаваў ахвярнікі Баалам, і зрабіў слупы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму ды служыў яму.
4 Пабудаваў таксама два ахвярнікі ў доме Госпада, аб якім Госпад сказаў: «У Ерузаліме імя Маё будзе вечна».
5 Пабудаваў жа ахвярнікі для ўсяго войска нябеснага ў двух панадворках святыні Госпада.
6 І ён перавёў сыноў сваіх праз агонь у лагчыне сыноў Гэнома. Займаўся варажбой, чарамі, служыў паганскім культам; меў пры сабе заклінальнікаў і вешчуноў; многа ліха рабіў перад абліччам Госпада, каб гнявіць Яго.
7 Таксама паставіў статую ідала, якога сам зрабіў, у доме Госпада, аб якім так казаў Бог Давіду і Саламону, сыну яго, кажучы: «У гэтым доме і ў Ерузаліме, які выбраў Я з усіх пакаленняў Ізраэля, пакіну імя Маё навечна.
8 І не дазволю, каб нага Ізраэля вырушыла з гэтай зямлі, якую даў Я бацькам іх, калі толькі будуць пільнаваць тое, што Я загадаў ім, і ўвесь закон, і прыказанні, а таксама пастановы, уведзеныя праз руку Майсея».
9 Дык Манаса давёў Юду і жыхароў Ерузаліма, што яны паводзілі сябе горш, чым усе пагане, якіх Госпад знішчыў перад сынамі Ізраэля.
10 І перасцярог Госпад яго і народ яго, і не пажадалі яны зважаць на гэта.
11 Дзеля таго навёў на іх кіраўнікоў войска цара асірыйцаў; і яны Манасу закавалі ў кайданы, і, звязанага ланцугамі, павялі ў Бабілон.
12 Ён у горы сваім маліў Госпада, Бога свайго, і моцнай пакутай упакорыўся перад Богам бацькоў сваіх.
13 Ды ўмольваў Яго, і Бог, літасцівы да яго, выслухаў маленне яго і вярнуў яго ў Ерузалім у яго царства; і пераканаўся Манаса, што толькі Госпад ёсць Бог.
14 Пасля пабудаваў мур за горадам Давіда на захад ад Гіхона ў даліне і аж да ўваходу Рыбнай брамы навокал Афэла, і многа яго павысіў; і паставіў кіраўнікоў над войскам па ўсіх умацаваных гарадах Юдэі.
15 І выкінуў чужых багоў і ідалаў з святыні Госпада, таксама ахвярнікі, якія пабудаваў на гары дома Госпада і ў Ерузаліме, ды выкінуў усё з горада.
16 Далей аднавіў ахвярнік Госпада і ўсклаў на яго ахвяры мірныя і падзякі, і загадаў Юдзе служыць Госпаду, Богу Ізраэля.
17 Але і далей народ ускладаў ахвяры на ўзгорках Госпаду, Богу свайму.
18 Астатнія дзеянні Манасы ды яго маленне да Бога свайго, поруч словы прадракальнікаў, якія прамаўлялі да яго ў імя Госпада, Бога Ізраэля, — знаходзяцца ў запісах цароў Ізраэля.
19 Таксама яго маленне і выслухванне, і ўсе яго грахі, і злачынствы, а таксама месцы, на якіх ён пабудаваў узгоркі, і зрабіў слупы і ідалаў, перад тым як ён упакорыўся, запісаны ў Размовах Газая.
20 Такім чынам, супачыў Манаса са сваімі бацькамі ды пахавалі яго ў яго доме. І па ім цараваў сын яго Амон.
21 Амон меў дваццаць два гады, калі стаў царом, і два гады быў царом у Ерузаліме.
22 І чыніў зло перад абліччам Госпада, як рабіў бацька яго Манаса, і ўсім ідалам, якіх зрабіў Манаса, складаў ахвяры і пакланяўся.
23 І не ўпакорыўся перад абліччам Госпада, як упакорыўся Манаса, бацька яго, ды яшчэ болей грашыў.
24 І тады паслугачы яго змовіліся супраць яго, і забілі яго ў яго палацы.
25 Затым народ зямлі, выразаўшы ўсіх, хто змовіўся супраць цара Амона, на яго месца паставіў царом сына яго Осію.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.