Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

2 Паралипоменон 33 глава

1 Дванаццаць гадоў было Манасіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят пяць валадарыў у Ерусаліме,
2 і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,
3 і зноў зладзіў вышыні, якія разбурыў Эзэкія, бацька ягоны, і паставіў ахвярнікі Ваалам, і ўладзіў дубровы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму;
4 і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме будзе імя Маё вечна;
5 і спарудзіў ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух дварах дома Гасподняга.
6 А ён правёў сыноў сваіх праз агонь у даліне сына Эномавага, і гадаў, і варажыў, і чараваў, і назначыў закліначоў і чараўнікоў: многа рабіў ён незаўгоднага ў вачах Госпада, для гневу Яго.
7 І паставіў разьбёнага ідала, якога зрабіў, у доме Божым, пра якога і казаў Бог Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я пакладу імя Маё навек;
8 і ня дам наперад выступіць назе Ізраіля зь зямлі гэтай, якую Я замацаваў за бацькамі іхнімі, калі толькі яны будуць старацца выконваць усё, што Я наказаў ім, паводле ўсяго закона і пастановаў і загадаў, дадзеных рукою Майсея.
9 Але Манасія давёў Юдэю і жыхароў Ерусаліма да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якіх вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.
10 І гаварыў Гасподзь Манасіі і народу яго, але яны ня слухалі.
11 І прывёў Гасподзь на іх ваеначальнікаў цара Асірыйскага, і закавалі яны Манасію ў кайданы і закавалі яго ланцугамі, і зьвялі яго ў Вавілон.
12 І ва ўціску сваім пачаў ён умольваць Госпада Бога свайго і глыбока ўпакорыўся прад Богам бацькоў сваіх.
13 І памаліўся Яму, і Бог схіліўся да яго і пачуў малітву ягоную, і вярнуў яго ў Ерусалім на царства ягонае. І даведаўся Манасія, што Гасподзь ёсьць Бог.
14 І пасьля таго пабудаваў зьнешнюю сьцяну горада Давідавага, на заходнім баку Геона, па лагчыне і да ўваходу ў рыбную браму, і правёў яе вакол Афэла і высока падняў яе. І паставіў ваеначальнікаў па ўсіх умацаваных гарадах у Юдэі,
15 і скінуў чужаземных багоў і ідалаў з дома Гасподняга, і ўсе капішчы, якія спарудзіў на гары дома Гасподняга ў Ерусаліме, і выкінуў іх за горад.
16 І аднавіў ахвярнік Гасподні і прынёс на ім ахвяры мірныя і хвалебныя, і сказаў Юдэям, каб яны служылі Госпаду Богу Ізраілеваму.
17 Але народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, хоць і Госпаду Богу свайму.
18 Астатнія дзеі Манасіі, і малітва яго да Бога свайго, і словы празорліўцаў, якія гаварылі зь ім імем Госпада Бога Ізраілевага, яны ў запісах цароў Ізраілевых.
19 І малітва ягоная, і тое, што Бог схіліўся да яго, і ўсе грахі ягоныя і беззаконьні ягоныя, і месцы, на якіх ён пабудаваў вышыні і паставіў выявы Астарты і балванаў, да таго як упакорыўся, апісаны ў запісах Хазая.
20 І спачыў Манасія з бацькамі сваімі і пахавалі яго ў доме ягоным. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго.
21 Дваццаць два гады было Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме,
22 і рабіў незаўгоднае ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны; і ўсім балванам, якіх зрабіў Манасія, бацька ягоны, прыносіў Амон ахвяры і служыў ім.
23 І не ўпакорыўся прад абліччам Гасподнім, як упакорыўся Манасія, бацька ягоны; наадварот, Амон памножыў свае грахі.
24 І склалі супроць яго змову слугі ягоныя і забілі яго ў доме ягоным.
25 Але народ зямлі перабіў усіх, што былі ў змове супраць цара Амона, і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.