Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Исход 27 глава

1 Зрабі ахвярнік з дрэва акацыі, які хай мае пяць локцяў у даўжыню, столькі ж у шырыню, гэта значыць чатырохвугольны, і тры локці ў вышыню.
2 І хай будуць рогі ад яго на чатырох вуглах, і зрабі гэта з медзі.
3 І зрабі дзеля ўжывання яго папяльніцы, каб збіраць у іх попел, а таксама гаршкі, вугальныя лапаткі, крапільніцы і кадзільніцы; усе прыналежнасці зрабі з медзі.
4 І для яго зрабі краты медныя накшталт сеткі, і на іх чатырох вуглах хай будуць чатыры кольцы з медзі,
5 і ўмацуеш іх знізу пад краем ахвярніка, хай краты будуць аж да сярэдзіны ахвярніка.
6 Зрабі і дзве жэрдкі да ахвярніка з дрэва акацыі, якія пакрый меднымі пласцінамі,
7 і прасунь іх у кольцы, хай будуць яны з абодвух бакоў ахвярніка, каб яго пераносіць.
8 Зрабі яго з дошак, пусты ён унутры; як было паказана табе на гары, хай так зробяць.
9 Зрабі і панадворак скініі; на паўднёвым баку якога заслоны хай будуць з кручанага вісону: адзін бок хай мае ў даўжыню сто локцяў;
10 і дваццаць слупоў і столькі ж падножжаў з медзі, і аплікі на слупах і кольцы з срэбра.
11 Такім жа чынам на паўночным баку: хай будуць заслоны сто локцяў у даўжыню; і слупоў дваццаць, і падножжы медныя той жа колькасці, і аплікі слупоў, і кольцы іх — срэбраныя.
12 Па шырыні ж панадворка з заходняга боку хай будуць заслоны ў пяцьдзесят локцяў, і слупоў дзесяць, і падножжаў столькі ж.
13 Па шырыні ж панадворка, што глядзіць на ўсход, хай будуць пяцьдзесят локцяў, сярод якіх
14 на адным баку хай налічваюцца заслоны ў пятнаццаць локцяў, і тры слупы і столькі ж падножжаў.
15 І заслоны з другога боку хай будуць мець пятнаццаць локцяў, слупы — тры, і падножжы — столькі ж.
16 А пры ўваходзе ў панадворак заслона ў дваццаць локцяў з гіяцынту і пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, залататканай работы; хай мае чатыры слупы і столькі ж падножжаў.
17 Усе слупы панадворка павінны быць абхоплены кругом срэбранымі кольцамі, а іх аплікі хай будуць срэбранымі, а падножжы — медныя.
18 У даўжыню панадворак зойме сто локцяў, у шырыню — пяцьдзесят, а вышыня хай будзе пяць локцяў; і ўсё хай будзе з кручанага вісону, і хай мае медныя падножжы.
19 Усе прыналежнасці скініі для ўсякага ўжытку ў ёй і ўсе яе калкі і ўсе калкі панадворка зрабі з медзі.
20 Загадай сынам Ізраэля, каб прынеслі табе алей найчысцейшы з аліўкавых дрэў і націсканы з дапамогаю таўкача, каб гарэла святло заўсёды
21 у палатцы сустрэчы па-за заслонай, што павешана перад сведчаннем. І будуць запальваць яго Аарон і сыны яго, каб ад вечара да раніцы гарэў перад абліччам Госпадавым. Гэта хай будзе пастанова вечная на ўсе пакаленні для сыноў Ізраэля.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.