Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Исход 27 глава
1 І зрабі ахвярнік з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, так каб ён быў чатырохкутны, і вышынёю ў тры локці.
2 І зрабі рогі на чатырох вуглах яго, так каб рогі выходзілі зь яго; і абкладзі яго медзьдзю.
3 Зрабі да яго горшчык, каб ссыпаць у яго попел, і лапаткі і чары, і відэльцы і вугольніцы; усе прылады зрабі зь медзі.
4 Зрабі да яго крату, каб была як сетка, зь медзі, і зрабі на сетцы, на чатырох вуглах яе, чатыры колцы медныя;
5 і пакладзі яе на край ахвярніка ўнізе, так каб сетка была да палавіны ахвярніка.
6 І зрабі жэрдкі да ахвярніка, жэрдкі з дрэва сітым, і абкладзі іх медзьдзю;
7 і ўкладвай жэрдкі яго ў колцы, так каб жэрдкі былі абапал ахвярніка, калі несьці яго.
8 зрабі яго пустым усярэдзіне, дашчаны: як паказана табе на гары, так няхай зробяць.
9 Зрабі двор скініі: з паўднёвага боку на поўдзень заслоны для двара павінны быць з суканага вісону, даўжынёю ў сто локцяў з аднаго боку;
10 слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных; гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра.
11 Таксама і ўдоўж на паўночным баку — заслоны ў сто локцяў даўжынёю; слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных, гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра.
12 А ў шырыню двара з заходняга боку — заслоны ў пяцьдзясят локцяў; слупоў для іх дзесяць, і падножжаў да іх дзесяць.
13 І ў шырыню двара зь відавога боку на ўсход — у пяцьдзясят локцяў;
14 Да аднаго боку — заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры, і падножжаў да іх тры.
15 і да другога боку — заслоны ў пятнаццаць, слупоў для іх тры, і падножжаў для іх тры.
16 А для брамы двара заслона ў дваццаць локцяў з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону ўзорыстага вырабу; слупоў для яго чатыры, і падножжаў да іх чатыры.
17 Усе слупы вакол двара павінны быць злучаны повязямі з срэбра; гачыкі ў іх з срэбра, і падножжы да іх зь медзі.
18 Даўжыня двара сто локцяў, а шырыня па ўсёй працягласьці пяцьдзясят, вышыня пяць локцяў; заслоны з суканага вісону, а падножжы зь медзі.
19 Усе прылады скініі дзеля ўсякага ўжытку ў ёй, і ўсе калы яе, усе калы двара — зь медзі.
20 І загадай сынам Ізраілевым, каб яны прыносілі табе алей чысты, чаўлены з масьлінаў, дзеля асьвячэньня, каб гарэла сьвяцільня ўвесь час;
21 у скініі сходу за заслонай, якая перад каўчэгам адкрыцьця, будзе запальваць яго Аарон і сыны ягоныя, ад вечара да раніцы, перад абліччам Гасподнім. Гэта статут вечны пакаленьням іхнім ад сыноў Ізраілевых.
Исход 27 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча