Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Притчи 15 глава

1 Мяккі адказ уціхамірвае гнеў, а жорсткая размова выклікае лютасць.
2 Язык мудрых лье веды, вусны бязглуздых выкрыкваюць бязглуздасць.
3 Ва ўсялякім месцы вочы Госпада. Яны бачаць ліхіх і добрых.
4 Язык лагодны — дрэва жыцця, а двухсэнсавасць на ім зняважыць дух.
5 Бязглузды кпіць з настаўлення бацькі свайго, а хто беражэ папрокі — будзе разумнейшы.
6 У доме справядлівага вельмі многа багацця, а ў набытках бязбожніка — хваляванне.
7 Вусны мудрых распаўсюдзяць веды; сэрца бязглуздых — не будзе вернае.
8 Ахвяры бязбожнікаў — агідныя для Госпада; абяцанні справядлівых — мілыя Яму.
9 Агіднасць для Госпада — дарога бязбожніка; хто ідзе ўслед за справядлівасцю — будзе любімы Ім.
10 Лютая кара таму, хто пагарджае вернай дарогай; хто ненавідзіць папрокі — памрэ.
11 Пекла і пагібель — перад вачамі Госпада, а тым больш — сэрцы сыноў чалавечых!
12 Насмешнік не любіць таго, хто яго абвінавачвае, і да людзей мудрых не ходзіць.
13 Сэрца радаснае весяліць твар, у смутку душы дух падае.
14 Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны бязглуздых жывяцца бязглуздасцю.
15 Усе дні ў бедных — ліхія, а вясёлы ў сэрцы — быццам заўсёды на застоллі.
16 Лепш трохі са страхам Госпада, чым вялікія скарбы — з трывогай.
17 Лепш мера гародніны з любоўю, чым адкормленае цяля — з нянавісцю.
18 Чалавек запальчывы выклікае сваркі; а той, хто з’яўляецца цярплівым, уціхамірвае спрэчкі.
19 Дарога гультаёў быццам агароджа цярновая, дарога разважлівых — гладкая.
20 Мудры сын радуе бацьку; а бязглузды чалавек адцураецца маці сваёй.
21 Бязглуздасць — радасць для таго, хто не мае розуму; а чалавек разважлівы накіроўвае прама крокі свае.
22 Дзе няма парады — разбягаюцца намеры, а здзяйсняюцца — дзе многа дарадчыкаў.
23 Весяліцца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і спрыяльная размова — найлепшая.
24 Сцежка жыцця вядзе ўгару для чалавека вучонага, каб ухіліцца ад пекла ўнізе.
25 Госпад разбурыць дом пыхлівых, а межы ўдавы ўмацуе.
26 Агіднасць для Госпада — намеры ліхія, а чыстая размова — найпрыгажэйшая.
27 Развальвае дом свой той, хто прыслужвае прагнасці, а хто ненавідзіць падарункі — жыць будзе.
28 Розум справядлівага абдумвае, што адказаць; вусны бязбожнікаў зласловяць.
29 Ад бязбожнікаў Госпад далёка, а размовы справядлівых Ён выслухае.
30 Святло вачэй радуе душу, добрая слава ўдобрывае косці.
31 Вуха, якое слухае папрокі жыцця, застанецца сярод мудрых.
32 Хто адкідае настаўленне — адцураецца душы сваёй; а хто слухае папрокі — уладар сэрца [свайго].
33 Страх Госпадаў — настаўленне мудрасці, а славе папярэднічае пакора.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.