Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Притчи 3 глава

1 Сыне мой, не забывайся на закон мой, і хай сэрца тваё беражэ прыказанні мае;
2 бо яны табе прыбавяць працягласць дзён, гады жыцця і супакой.
3 Хай міласэрнасць і праўда не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю сваю і запішы на скрыжалях сэрца свайго,
4 і знойдзеш ты ласку і спагаду ў вачах Бога і людзей.
5 Спадзявайся на Госпада ад усяго сэрца свайго і не спадзявайся на разважлівасць сваю.
6 Думай аб Ім на ўсіх шляхах тваіх, і Ён накіруе крокі твае.
7 Не будзь мудрацом перад самім сабою; шануй Бога і пазбягай ліха,
8 бо гэта будзе здароўем для цела твайго і падсілкоўваннем для касцей тваіх.
9 Ушаноўвай Госпада ад усёй маёмасці тваёй і ад пачаткаў усіх пладоў тваіх,
10 і напоўняцца свірны твае збожжам, а давільні твае будуць багатыя на віно.
11 Не адкідай, сыне мой, настаўленне Госпадава і не пагарджай ім, калі Ён будзе караць цябе,
12 бо каго любіць Госпад — таго карае і, як бацька, спагадае сыну Свайму.
13 Шчасны чалавек, які знайшоў мудрасць і які звярнуўся да разважлівасці:
14 набыццё яе лепш за гандаль срэбрам, а прыбытак — хутчэй, чым ад золата.
15 Яна каштоўнейшая за ўсе самацветы; і не могуць з ёй параўнацца ніякія твае каштоўнасці;
16 працягласць дзён — у яе правай руцэ, а ў яе левай руцэ — багацце і слава.
17 Дарогі яе — дарогі прыгожыя, і ўсе яе сцежкі — мірныя.
18 Яна — дрэва жыцця для тых, хто авалодвае ёю, і шчасны той, хто трымаецца яе.
19 Госпад мудрасцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў разважлівасцю;
20 з Яго мудрасці парасчыніліся бездані і аблокі струменяцца расою.
21 Сыне мой, не ўпускай іх з вачэй сваіх; беражы разважлівасць і розум —
22 і будзе жыццё для душы тваёй і ласка для шыі тваёй;
23 тады пойдзеш упэўнена па дарозе сваёй і нага твая не спатыкнецца.
24 Калі заснеш, не будзеш мець страху, будзеш адпачываць — і сон твой будзе прыемны.
25 Не бойся раптоўнага страху і збянтэжанасці, што ахоплівае цябе з-за бязбожнікаў, калі яна прыйдзе.
26 Бо Госпад будзе на тваім баку і захавае нагу тваю, каб цябе не захапілі.
27 Не адмаўляй у дабрадзействе таму, каму яно патрэбна, калі ва ўладзе рукі тваёй, каб ты зрабіў гэта.
28 Не кажы сябру свайму: «Ідзі і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», — калі можаш даць зараз.
29 Не задумвай ліха супраць сябра свайго, калі ён з даверам сядзіць побач з табою.
30 Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён сам не зрабіў табе нічога благога.
31 Не зайздросці чалавеку несправядліваму і не наследуй шляхам яго,
32 бо агіднасць для Госпада — усякі крывадушны чалавек, а з сумленнымі — сяброўства Яго.
33 Праклён Госпада — на доме бязбожніка, а жыллё справядлівых будзе Ім дабраслаўляцца.
34 Ён Сам пасмяецца з кпліўцаў і дасць ласку пакорлівым;
35 мудрыя будуць мець славу, веліч бязглуздых — ганьба.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.