Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Иезекииль 21 глава

1 І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на Ерузалім і яшчэ — на святыя месцы і праракуй супраць зямлі Ізраэльскай.
3 І скажы зямлі Ізраэльскай: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, і выцягну меч Свой з ножан яго, і заб’ю ў цябе справядлівага і бязбожніка.
4 Дзеля таго, што Я заб’ю ў цябе спавядлівага і бязбожніка, таму выйдзе меч Мой з ножан яго на ўсё жывое ад поўдня аж да поўначы,
5 каб усе даведаліся, што Я — Госпад; выцягнуў меч Мой з ножан яго, і ён да іх ужо не вернецца”».
6 І ты, сын чалавечы, стагні, як быццам маеш сцёгны паламаныя, і ў горычы стагні на іх вачах.
7 І калі скажуць табе: “Чаму стогнеш?” — адкажы: “Дзеля весткі, бо прыйшла яна”; і самлее кожнае сэрца, ды ўсе рукі аслабеюць, і ўсякі дух згасне, і калені захістаюцца, як вада; вось, яна прыйшла і спраўджваецца, — кажа Госпад Бог».
8 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
9 «Сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог! Гавары: “Меч, меч завостраны і таксама бліскучы;
10 завостраны, каб забіваць ахвяры, адшліфаваны, каб блішчаць”. Хіба будзем радавацца? Скіпетр сына Майго пагарджае кожным дрэвам.
11 І дадзены ён, каб сціраць у парашок, каб узяць яго рукою. Меч гэты завостраны і бліскучы, каб быў ён у руцэ забіваючага.
12 Крычы і галасі, сын чалавечы, бо ён накіраваны супраць народа Майго, супраць усіх князёў Ізраэля, якія выведзены на меч разам з Маім народам. Таму ўдар сябе ў сцягно,
13 бо выпрабаванне надышло. “І што, калі ён пагарджае скіпетрам? Такі не ўстаіць”, — кажа Госпад Бог.
14 Дык ты, сын чалавечы, праракуй і ўдар рукой аб руку. І хай меч падвоіцца ды хай патроіцца меч забітых: гэта меч вялікага забівання, меч вялікі, які акружае іх,
15 каб сэрца млела і каб памнажаліся ахвяры. Ва ўсіх брамах іх Я ўчыніў забойства мечам: ах, мечы, завостраныя і вычышчаныя, як бліскавіца, гатовая, каб забіваць!
16 “Навострывайся, хадзі направа і налева, куды толькі лязо тваё скіравана”.
17 Таксама і Я буду біць рукой аб руку, і заспакою гнеў Мой. Я, Госпад, сказаў гэта».
18 І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы:
19 «І ты, сын чалавечы, намалюй дзве дарогі, па якіх пойдзе меч цара Бабілонскага: абедзве будуць выходзіць з аднае зямлі; і пастаў дарожны знак, пастаў на пачатку дарогі, накіраванай у горад.
20 Выяві дарогу, па якой пойдзе меч у Рабу сыноў Амона, і да Юды, і ў Ерузалім надта ўмацаваны.
21 Бо цар Бабілона стаіць на раздарожжы, на пачатку абедзвюх дарог; каб запытацца прароцтва, ён кідае стрэлы, пытае тэрафіма і раіцца з печанню.
22 У яго правай руцэ прароцтва пра Ерузалім: каб паставіў ён тараны, каб адчыніў вусны дзеля забойства, каб падняў крык баявы, каб паставіў тараны супраць брам, каб насыпаў вал, каб збудаваў вежы.
23 І ў іх вачах гэтае прадказанне як быццам падманнае; і найсвяцейшымі прысягамі прысягалі яны, а ён прыгадае, аднак, правіннасць іх, каб захапіць яго.
24 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што прыпомнілі вы сабе сваю злачыннасць і вашы правіны сталі яўнымі і вашы грахі праз усе вашы паводзіны сталі відавочнымі; таму, — кажу Я, — з уласнай віны будзеце злоўленыя.
25 А ты, нягодны бязбожнік, кіраўнік Ізраэля, якога дзень набліжаецца з апошняй тваёй злачыннасцю, —
26 гэта кажа Госпад Бог: — Здымі кідар, скінь карону; бо ўсё гэта мінула. Што было малое, будзе павышана, і што высокае — паніжана.
27 Руіны, руіны, руіны зраблю з яго; і гэтага не здарыцца, пакуль не прыйдзе той, якому належыць суд і якому Я аддам яго”.
28 І ты, сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог да аманіцян і адносна іх знявагі; і кажы: “Меч, меч быў вынуты з ножан для забівання, завостраны для вынішчэння і блішчыць”.
29 Каб, калі табе з’яўляюцца пустыя бачанні і прарочаць падманныя прадказанні, апусціць меч і на цябе, як на каркі бязбожных злачынцаў, якіх дзень прыходзіць з апошняй іх злачыннасцю.
30 Схавай яго ў ножны яго. У месцы, дзе ты быў створаны, у зямлі, дзе ты нарадзіўся, буду цябе судзіць.
31 І вылью на цябе Свой гнеў, распалю супраць цябе лютасць абурэння Свайго; і аддам цябе ў рукі дзікіх людзей і рабаўнікоў.
32 Ты будзеш пажывай для агню, кроў твая пацячэ пасярод зямлі; не пакінеш па сабе ўспаміну — бо Я, Госпад, сказаў гэта».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.