Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Иезекииль 21 глава
1 І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
2 «Сыну людзкі, зьвярні від свой да Ерузаліму й кажы празь сьвятыя месцы, і праракай празь зямлю Ізраеляву,
3 І скажы зямлі Ізраелявай: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Гля, Я на цябе, і агалю меч Свой із похвы яго, і адатну ад цябе справядлівага й нягоднага.
4 Дык затым, што Я адатну ад цябе справядлівага й нягоднага, дзеля таго меч Мой выйдзе з похвы яго на кажнае цела ад паўдня аж да поўначы.
5 І кажнае цела даведаецца, што Я, СПАДАР, агаліў меч свой з похвы яго, ён ня зьвернецца ўжо’".
6 І ты, сыну людзкі, уздыхай ломячы рукі, і ў гарчэлі ўздыхай перад ачыма іхнымі.
7 І будзе, як яны скажуць табе: "Чаму ты ўздыхаеш?" то скажы: "Ад ведамкі, бо яна прыходзе, і кажнае сэрца растае, і ўсі рукі скволеюць, і кажны дух зьнемарасьціцца, і ўсі калені зацякуць вадою. Гля, яна прыходзе й станецца", — агалашае Спадар СПАДАР».
8 І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
9 «Сыну людзкі, праракай а кажы: "Гэтак кажа СПАДАР", кажы: "Меч, меч найстраны а выпаліраваны:
10 Найстраны, каб добра цяў, і паліраваны, каб блішчэў". Дык ці можаш цешыцца, што прут сына Майго грэбуе кажным дзервам?
11 І даў паліраваць яго, каб можна было няць даланёю; гэты меч найстраны а паліраваны, каб даць яго ў руку ўбіўцы.
12 Галасі а вый, сыну людзкі, бо ён будзе на люд Мой, на ўсіх князёў Ізраелявых: яны даны пад меч зь людам Маім; дык бі сябе па лядзьвях.
13 Бо гэта спроба; і што калі нават ськіпетра пагрэбаваны — гэтак ня будзе, — агалашае Спадар СПАДАР.
14 Дык ты, сыну людзкі, праракай і плясьні ў ладкі, і няхай меч падвоіцца, патроіцца, меч забіваньня, меч вялікага забіваньня, каторы ўходзе ў патайныя пакоі іхныя.
15 Я пастанаўлю бліскучы меч, каб сэрца замлела і спатыкненьня памножыліся ля ўсіх брамаў іхных; Я дам лязо мяча, ах, зробленае бліскучым і найстранае на забіваньне.
16 Задзіночся направа альбо зьвярніся налева, куды від твой уцемлены.
17 Я таксама плясну ў ладкі й спаганю палкі гнеў Свой; Я, СПАДАР, сказаў».
18 І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
19 «Таксама ты, сыну людзкі, прызнач сабе дзьве дарогі, каторымі мае прыйсьці меч караля Бабілёнскага; із аднае зямлі абедзьве выйдуць; нарысуй месца, нарысуй на пачатку дарогі да места.
20 Прызнач дарогу, каторай мае прыйсьці меч да Раўвы Амонскае а да Юдэі, да ўмацаванага Ерузаліму;
21 Бо адзяржаўся кароль Бабілёнскі на ростанях на пачатку дзьвюх дарог, дзеля варажбы: зрабіў стрэлы бліскучымі, трасець, радзіцца ў тэрафіма, разглядае печані.
22 У правую руку ягоную пала жэрабя варажбітова на Ерузалім, каб выставіць тараны, адчыніць вусны на ўбіўства, узьняць галосную крыкню, прызначыць тараны супроці брамаў, насыпаць вал, збудаваць абложныя вежы.
23 І гэта ў вачох іхных будзе ім як хвальшывая варажба, бо ўрочыстая прысяга ў іх, але ён прыпомне бяспраўе, каб яны былі ўзяты.
24 Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Як вы напомнелі бяспраўе свае, чым адкрылі выступы свае, каб паказаць грахі свае ў вусіх учынках вашых; як вы напомнелі, вы будзеце ўзяты рукою.
25 І ты, збудзенены, нягодны княжа Ізраельскі, чый дзень прышоў, як бяспраўя канец!"
26 Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Здыймі й падыймі карону, яна ня будзе такой: нізкое павышыцца, а высокае паніжыцца.
27 У разьвярненьні, разьвярненьні, разьвярненьні Я абярну яго, і наперад яго ня будзе, пакуль ня прыйдзе Тый, Каторага права гэта, і Я аддам яго Яму".
28 І ты, сыну людзкі, праракай і скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР праз сыноў Амонавых і празь вярненьне іх", і скажы: "Меч, меч аголены на сьцяцьце, паліраваны, каб жэр, каб зіхцеў, як маланка.
29 Бачаць марнасьць табе, варожаць ману табе, каб палажыў цябе на шыі забітых нягоднікаў, каторых дзень прышоў, як бяспраўю іхнаму канец.
30 Ці Я маю зьвярнуць у похву яго? Я буду судзіць цябе на месцу, ідзе ты быў створаны, у зямлі нараджэньня твайго.
31 І выльлю на цябе абурэньне Свае, цяплом гневу Свайго дыхну на цябе і аддам цябе ў руку неразумных, людзёў — майстроў губеньня.
32 Ты будзеш палівам цяплу; кроў твая будзе ў зямлі; ня будуць успамінаць цябе, бо Я, СПАДАР, казаў"».
Иезекииль 21 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча