Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Иезекииль 3 глава
1 І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, з’еж усё, што атрымаеш, з’еж гэты скрутак і ідзі прамаўляць да ізраэльцаў».
2 І адкрыў я вусны свае, і Ён даў мне з’есці той скрутак,
3 кажучы мне: «Сын чалавечы, хай чэрава тваё наесца, і хай напоўніцца нутро тваё гэтым скруткам, які Я табе даю». Ды я з’еў яго, і стаў ён у вуснах маіх салодкі, як мёд.
4 І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, ідзі да дому Ізраэля і гавары ім словамі Маімі.
5 Бо пасланы ты не да народа з цяжкай і незразумелай мовай, якіх не мог бы ты зразумець, але да дому Ізраэля;
6 і не да многіх народаў з незразумелай і невядомай мовай, размоў якіх не можаш ты зразумець; і каб да тых ты быў пасланы, яны слухалі б цябе.
7 Аднак дом Ізраэля не захоча цябе слухаць, бо Мяне не хочуць слухаць; бо ўвесь дом Ізраэля мае цвёрды лоб і закамянелае сэрца.
8 Вось, даў я табе твар дужэйшы, чым іх твары, і чало тваё цвярдзейшае, чым чало іх;
9 даў я табе твар, як дыямент, і цвярдзейшы за крэмень, не бойся іх і не палохайся твару іх, бо яны — упорысты народ».
10 І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, усе словы Мае, якія сказаў Я табе, вазьмі ў сэрца сваё і слухай вушамі сваімі.
11 Ды ідзі ўвайдзі да перасяленцаў, да дзяцей народа твайго, і прамаўляй да іх, і кажы ім: “Гэта кажа Госпад Бог”, — ці будуць слухаць, ці пагардзяць».
12 І схапіў мяне дух, і пачуў я за сабой водгук страсення вялікага, калі слава Госпада падымалася з месца, на якім прабывала;
13 і пачуў я гук крылаў істот жывых, якія біліся адно аб адно, і водгук колаў, якія каціліся за жывымі істотамі, і водгук страсення вялікага.
14 А дух падняў мяне і забраў мяне; і пайшоў я, раздражнёны, у абурэнні духу майго: бо цяжкая рука Госпада супачывала на мне.
15 І прыйшоў я да перасяленцаў у Тэль-Абіб, да тых, якія пражывалі над ракою Кэбар, і сеў, дзе яны сядзелі, і застаўся там, уражаны, на сем дзён між імі.
16 А калі мінула сем дзён, прамовіў да мяне Госпад, кажучы:
17 «Сын чалавечы, Я паставіў цябе вартаўніком над пакаленнямі Ізраэля; і пачуеш ты слова з вуснаў Маіх, і папярэдзіш іх у Маё імя.
18 Калі Я скажу бязбожніку: “Смерцю памрэш”, а ты яго не перасцеражэш і не прамовіш да яго, каб адвесці яго ад яго бязбожнай дарогі і захаваць яму жыццё, бязбожнік той памрэ з прычыны правіннасці сваёй, а Я цябе зраблю адказным за яго кроў.
19 Калі ж перасцеражэш бязбожніка і ён не адвернецца ад сваёй дарогі ліхой, то памрэ ён менавіта ў злачыннасці сваёй, а ты вызваліш душу сваю.
20 Але калі і справядлівы адступіцца ад сваёй справядлівасці, дапусціцца злачыннасці, то Я перашкоджу яму; ён памрэ, бо ты не перасцярог яго: ён памрэ ў сваім граху; справядлівасць, якую ён рабіў, не будзе яму залічана; цябе, аднак, зраблю адказным за яго кроў.
21 Калі, аднак, перасцеражэш справядлівага, каб справядлівы не грашыў, і калі ён не дапусціцца граху, то, напэўна, застанецца пры жыцці, бо перасцярог ты яго і вызваліў сваю душу».
22 І супачыла на мне рука Госпада, і Ён сказаў мне: «Устань, ідзі на поле, і там Я буду з табою гаварыць».
23 Ды я ўстаў і пайшоў на поле, і вось, там была слава Госпада, такая, як слава, якую я ўбачыў над ракою Кэбар; і я ўпаў на твар свой.
24 Увайшоў у мяне дух, і паставіў мяне на ногі мае; і размаўляў Ён са мною, кажучы мне: «Ідзі і зачыніся ў сваім доме.
25 І ты, сын чалавечы, вось, будуць ускладзены на цябе вяроўкі і ты будзеш звязаны імі так, што не зможаш пайсці ў іх;
26 і Я зраблю, што язык твой прыстане да паднябення твайго, і будзеш ты нямы, і як быццам не будзеш іх больш дакараць, бо яны народ упорысты.
27 Калі ж Я буду гаварыць да цябе, адкрыю табе вусны і скажаш ім: “Гэта кажа Госпад Бог” Хто хоча слухаць, хай слухае, а хто пагарджае, той хай пагарджае, бо гэта народ упорысты.
Иезекииль 3 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча