Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Иезекииль 30 глава

1 І Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Бядуйце дзеля таго дня!
3 Бо блізкі дзень, і набліжаецца дзень Госпада, дзень хмары; будзе час для плямёнаў.
4 І меч прыйдзе на Егіпет, і страх запануе ў Кушы, калі ў Егіпце будуць падаць забітыя, калі забяруць багацце яго і калі будуць развалены яго падмуркі.
5 Куш, і Пут, і Луд, і ўвесь просты народ, і Куб ды сыны зямлі запавету разам з імі загінуць ад меча”.
6 Гэта кажа Госпад Бог: “І ўпадуць падпоры Егіпта, і ўпадзе гонар яго магутнасці; ад Магдола аж да Сіэна будуць падаць ад меча ў ім, — кажа Госпад Бог. —
7 І між краёў спустошаных будзе ён спустошаны, і гарады яго будуць між гарадоў зруйнаваных;
8 і даведаюцца яны, што Я — Госпад, калі Я нашлю агонь на Егіпет, і ўсе яго паплечнікі будуць знішчаны.
9 У той дзень выйдуць ад Мяне пасланцы на караблях, каб патаптаць дзёрзкасць Куша, і трывога падымецца сярод іх у той дзень Егіпта, бо ён надыдзе”.
10 Гэта кажа Госпад Бог: “Рукой Набукаданосара, цара Бабілона, Я зраблю канец багаццю Егіпта.
11 Ён і яго народ з ім, наймужнейшыя між народаў, прыйдуць, каб нішчыць гэтую зямлю; і вынуць яны мечы свае супраць Егіпта, і напоўняць зямлю забітымі.
12 І высушу Я рэчышчы, і аддам зямлю ў рукі найгоршых людзей, і спустошу зямлю з усім, што ў ёй ёсць, рукою чужынцаў. Я, Госпад, сказаў гэта”.
13 Гэта кажа Госпад Бог: “І Я знішчу выявы і выдалю ідалаў з Мемфіса, і валадара не будзе ўжо ў зямлі Егіпецкай, і навяду Я страх на зямлю Егіпта.
14 І спустошу зямлю Патрос, і пушчу агонь на Танею, і ўчыню суды над Но.
15 І Я вылью гнеў Свой на Сін, крэпасць Егіпецкую, і вынішчу шматлюддзе ў Но.
16 І Я выпушчу агонь на Егіпет; быццам парадзіха, будзе цярпець боль Сін, і ў Но адкрыецца вылам, і на Мемфіс нападуць ворагі ўдзень.
17 Юнакі з Геліяполіса і Бубаста будуць падаць ад меча, і гарады гэтыя пойдуць у няволю.
18 І ў Тапнэсе сцямнее дзень, калі Я зламлю там скіпетры Егіпта, і спыніцца ў ім пыхлівасць сілы яго; чорная хмара ахутае яго, а дочкі яго пойдуць у няволю.
19 І Я здзейсню суды ў Егіпце, і будуць ведаць, што Я — Госпад”».
20 І ў адзінаццатым годзе, у першым месяцы, у сёмы дзень прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
21 «Сын чалавечы, я зламаў руку фараона, цара Егіпта, і вось, яна не падвязаная, каб ён, атрымаўшы сілу, мог трымаць меч.
22 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я выступаю супраць фараона, цара Егіпецкага, і аслаблю яму руку здаровую, але зламаную і меч выкіну з рукі яго,
23 і Я расцерушу егіпцян паміж народаў, і раскідаю іх па землях.
24 І ўмацую я рукі цара Бабілона, і дам яму ў руку меч Свой; і зламлю Я рукі фараона, і будзе ён стагнаць стогнамі перад ім, як паранены.
25 І Я ўмацую рукі цара Бабілона і рукі фараона аслаблю; і даведаюцца, што Я — Госпад, калі Свой меч Я ўкладу ў руку цара Бабілона і ён выцягне яго супраць зямлі Егіпецкай.
26 І Я расцярушу егіпцянў паміж народаў, і раскідаю іх па землях, і даведаюцца яны, што Я — Госпад”».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.