Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Иезекииль 30 глава
1 І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
2 «Сыну людзкі! праракай і кажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Плачча, авохці дню!
3 Бо дзень блізкі, і блізкі дзень СПАДАРОЎ, хмарны дзень; настане пара народаў!
4 Прыйдзе меч на Ягіпет, і вялікая мука стрэне Ефіопу, як забітыя будуць валяцца ў Ягіпце, і возьмуць багацьце ягонае, і абурацца поды ягоныя;
5 Ефіопа а Пут а Люд а ўсі мешаныя люды а Хуб а люд зямлі, што ў змове, паваляцца зь імі ад мяча’.
6 Гэтак кажа СПАДАР: "І тыя, што падпіраюць Ягіпет, паваляцца, і паніжыцца гордасьць сілы; ад вежы Сыеня загінуць у ім ад мяча, — кажа Спадар СПАДАР. —
7 І будуць спустошаны яны сярод краёў спустошаных, і месты ягоныя будуць сярод местаў пустых.
8 І даведаюцца, што Я — СПАДАР, як Я зацеплю цяпло ў Ягіпце, і будуць патрышчаны ўсі памачнікі ягоныя.
9 Таго дня выйдуць на караблёх пасланцы Мае спалохаць нядбайных Ефіоплян, і вялікі боль стрэне іх, як у дзень Ягіпту; бо, гля, гэта станецца’.
10 Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Я спыню множасьць Ягіпту рукою Невухаднецара, караля Бабілёнскага.
11 Ён а люд ягоны зь ім, — найстрашнейшы з народаў, — будуць прыведзены зглуміць зямлю, і аголяць мячы свае на Ягіпет, і напоўняць зямлю забітымі.
12 І высушу рэкі, і прадам зямлю ў руку нягодных, і спустошу зямлю а ўсе, што ў ёй, рукою чужаземцаў; Я, СПАДАР, вымавіў’.
13 Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Я таксама зьнішчу балваны і спыню абразы Нофу, і ня будзе ўжо князя ізь зямлі Ягіпецкай, і навяду страх на зямлю Ягіпецкую.
14 І спустошу Пафрос, і зацеплю цяпло ў Цоане, і зьдзею суды ў Но.
15 І выльлю гнеў Свой на Сын, моц Ягіпту, і выгублю множасьць Но.
16 І зацеплю цяпло на Ягіпет, Сын будзе дрыжэць, дрыжэць, і Но будзе раськеплена, і Ноф будзе мець бяду ўдзень.
17 Маладзёны Авену а Пібесэту загінуць ад мяча, і жанкі пойдуць у палон.
18 У Тэґафнегесе дзень зьмеркне, як Я патрышчу там іго Ягіпту, і як гордасьць сілы ягонае перастане. Ён пакрыецца хмараю, а дачкі ягоныя пойдуць у палон.
19 І зьдзею суды ў Ягіпце, і даведаюцца, што Я — СПАДАР’"».
20 І сталася адзінанцатага году, першага месяца, сёмага дня месяца, што было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
21 «Сыну людзкі! Я зламіў плячо фараону, каралю Ягіпецкаму, і гля, яно не завязана, каб гаіць, і ня будзе абкручана завязкаю, каб зрабіць яго моцным дзяржаць меч.
22 Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я супроці фараона, караля Ягіпецкага, патрышчу плячукі ягоныя — здаровыя й наломленыя, і прычыню, што меч вываліцца з рукі ягонае.
23 І расьцярушу Ягіпцян меж народаў, і разьвею іх па краёх.
24 І ўмацую плечы караля Бабілёнскага, і дам яму ў рукі меч Свой; фараону зламлю плячукі, і ён будзе якатаць перад ім ёкатам сьмяротна раненага.
25 Але, Я ўмацую плячукі караля Бабілёнскага, а плячукі фараонавы апусьцяцца; і даведаюцца, што Я — СПАДАР, як дам меч Свой у руку каралю Бабілёнскаму, і ён аголе яго на зямлю Ягіпецкую.
26 І расьцярушу Ягіпцян меж народаў, і разьвею іх сярод краёў; і даведаюцца, што Я — СПАДАР"».
Иезекииль 30 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча