Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Иезекииль 6 глава
1 І прамовіў да мяне Госпад, кажучы:
2 «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на горы Ізраэля, і праракуй супраць іх,
3 і кажы: “Горы Ізраэльскія, паслухайце слова Госпада Бога. Вось што кажа Госпад Бог гарам і ўзгоркам, ярам і лугам: “Вось, Я навяду на вас меч і знішчу вашы ўзгоркі,
4 і знішчу ахвярнікі вашы, і паразбіваюцца капішчы вашы, і кіну Я забітых вашых перад ідаламі вашымі.
5 І трупы сыноў Ізраэля Я пакладу перад абліччам ідалаў вашых, і косці вашы Я раскідаю вакол ахвярнікаў вашых;
6 дзе б вы толькі ні жылі, гарады будуць бязлюднымі і ўзгоркі будуць знішчанымі, так што ахвярнікі вашы будуць апаганеныя і зруйнаваныя, і ідалы вашы будуць паразбіваныя і панішчаныя, і капішчы вашы будуць паламаныя, і згінуць усе справы вашы.
7 І сярод вас будуць падаць забітыя, і даведаецеся, што Я — Госпад.
8 І Я пакіну вам пры жыцці тых, якія ўсцерагуцца меча сярод паганаў, калі расцярушу вас сярод чужых земляў;
9 і вызваленыя вашы будуць памятаць пра Мяне сярод плямёнаў, куды прывялі іх, палонных, бо Я скрышу іх сэрца распуснае і адыходзячае ад Мяне ды вочы іх, што распуснічаюць з ідаламі іх; і не будуць яны падабацца самім сабе дзеля злачыннасці, якой дапусціліся ва ўсіх агіднасцях сваіх;
10 і даведаюцца тады, што Я — Госпад, што не дарма Я іх перасцерагаў, што ўзвяду на іх гэтае няшчасце”».
11 Гэта кажа Госпад Бог, гэта яшчэ прароку: «Бі рукою тваёю і тупай нагою тваёю і кажы: “Гора дзеля ўсякіх ліхіх агіднасцей дому Ізраэля, бо будуць падаць яны ад меча, голаду і заразы!
12 Той, хто далёка, — памрэ ад заразы; а той, хто блізка, — загіне ад меча, і той, хто застанецца і будзе ў аблозе, памрэ ад голаду; і так заспакою гнеў Мой на іх”.
13 І даведаецеся, што Я — Госпад, калі іх забітыя будуць паміж ідалаў іх, кругом ахвярнікаў іх, на кожным узгорку высокім, на ўсіх узвышшах горных, і пад кожным дрэвам густалістым, і пад кожным зялёным дубам, на месцы, дзе складалі вы духмяныя каджэнні ўсім ідалам сваім.
14 І Я выцягну руку Маю супраць іх, і перамяню край гэты ў зямлю пустынную і дзікую, пачаўшы ад пустыні аж да Рэблы — усюды, дзе пражываюць, — і даведаюцца, што Я — Госпад”».
Иезекииль 6 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча