Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Даниил 7 глава

1 У першы год цара Бабілонскага Балтасара меў Даніэль сон і бачанне ў галаве сваёй на сваім ложку; тады апісаў ён сон. Пачатак слоў, якія ён сказаў:
2 Адказаў Даніэль, і так сказаў: «Бачыў я ў з’яве мне ноччу, і вось, чатыры вятры неба трывожылі Вялікае мора,
3 і чатыры велізарныя звяры выходзілі з мора, розныя між сабой.
4 Першы падобны быў да львіцы і меў арліныя крылы; глядзеў я, пакуль не вырвалі яго крылы; і яго самога паднялі ўгару і паставілі, як чалавека, на ногі, і далі яму чалавечае сэрца.
5 І вось, другі звер, зусім іншы, часткова падобны да мядзведзя, з аднаго боку падпёрты, і тры іклы былі ў пашчы яго і ў зубах яго; і так гаварылі да яго: “Падыміся! Жары многа мяса!”
6 Потым я глядзеў, і вось, іншы звер, падобны да леапарда, і меў ззаду сябе чатыры птушыныя крылы; і звер гэты меў чатыры галавы; і яму была даручана ўлада.
7 Па гэтым глядзеў я ў начным бачанні, і вось, чацвёрты звер, страшны і дзівосны і вельмі дужы; меў ён вялікія жалезныя зубы; ён зжыраў, і знішчаў, і таптаў усё, што заставалася, нагамі сваімі; а адрозніваўся ён ад папярэдніх звяроў, якіх я бачыў, ды меў дзесяць рагоў.
8 Я прыглядаўся да рагоў, і вось, іншы малы рог вырас між імі, і тры першыя рогі былі перад ім вырваны; і вось, вочы ён меў на рагу сваім, падобныя да чалавечых вачэй, і вусны, якія гаварылі пыхліва.
9 Глядзеў я, аж пакуль не пастаўлены былі пасады і пакуль Спрадвечны не сеў. Шаты Яго былі белыя, як снег, і валасы на галаве Яго — як з чыстай воўны; пасад Яго — з агністага полымя, колы яго — палымнеючы агонь.
10 Ручай агню разліваўся ды выцякаў з твару Яго; тысячы тысяч служылі Яму, і дзесяць тысяч разоў па сто тысяч стаялі перад Ім: суд распачаўся, і кнігі былі раскрыты.
11 Глядзеў я тады дзеля гоману гучных моў, якія выдаваў гэты рог; і я ўбачыў, як забілі звера і цела яго было знішчана і аддадзена было на спаленне агнём;
12 ад іншых звяроў была таксама аднята ўлада, і час жыцця быў вызначаны ім аж да гадзіны і хвіліны.
13 Такім чынам, убачыў я ў начным бачанні: і вось, як быццам Сын Чалавечы прыйшоў на аблоках нябесных, і падышоў аж да Спрадвечнага, і паставілі Яго перад абліччам Яго;
14 і даручана была Яму ўлада, і слава, і царства; і служылі Яму ўсе народы, пакаленні і мовы: улада Яго ёсць улада вечная, якая ніколі не спыніцца, і Валадарства Яго не будзе знішчана.
15 Дух мой устрывожыўся: я, Даніэль, напалоханы быў усім гэтым, і бачанні ў галаве маёй спужалі мяне.
16 Падышоў я да аднаго з прысутных і хацеў дазнацца ад яго праўды аб усіх гэтых рэчах; ён прамовіў да мяне і выясніў мне сэнс гэтых рэчаў:
17 “Гэтыя чатыры вялікія звяры — гэта чатыры царствы, якія паўстануць з зямлі;
18 царства, аднак, атрымаюць святыя Бога Узвышняга і будуць утрымліваць царства ў векі вечныя”.
19 Потым захацеў я дакладна даведацца пра чацвёртага звера, які моцна адрозніваўся ад усіх тых і страшным вельмі быў, у якога зубы з жалеза і кіпцюры медныя, які пажыраў, і знішчаў, і таптаў нагамі сваімі рэшткі,
20 і пра дзесяць рагоў, якія меў на галаве, і пра іншы, які з’явіўся раней, чым упалі тры рогі, пра той рог, што меў вочы і вусны, якія гаварылі вялікія справы, ды які быў большы за астатнія.
21 Глядзеў я — і вось: рог гэты пачаў вайну са святымі і перамагаў іх,
22 аж пакуль не прыйшоў Спрадвечны і не аказаў справядлівасць святым Узвышняга, і прыйшоў час, калі святыя атрымалі царства.
23 І ён сказаў так: “Чацвёрты звер — гэта чацвёртае царства будзе на зямлі, якое будзе большым за ўсе царствы, і яно праглыне ўсю зямлю, і стопча яе, і знішчыць.
24 Далей, дзесяць рагоў абазначаюць, што з царства будзе дзесяць цароў; і па іх будзе іншы, і ён будзе магутнейшы за ранейшых, і ўпакорыць трох цароў,
25 і будзе плявузгаць супраць Узвышняга, і святых Найвышэйшага будзе губіць, і задумае змяніць [святочныя] часы і закон, і святыя будуць выдадзены ў яго рукі аж да часу, часоў і палавіны часу;
26 і адбудзецца суд, і аднімуць яны яго ўладу, каб знішчыць яго і загубіць цалкам;
27 царства ж, і ўлада, і магутнасць царстваў, што знаходзяцца пад усім небам, будуць аддадзены святому народу святых Найвышэйшага, царства Якога будзе вечным царствам, ды ўсе цары служыць Яму будуць і падпарадкоўвацца”».
28 Дасюль канец слова. Я, Даніэль, вельмі быў устрывожаны сваімі думкамі, і твар мой змяніўся на мне, слова ж захаваў я ў сваім сэрцы.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.