Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Наум 3 глава
1 Гора крываваму гораду! Увесь ён поўны падману і забойства! Рабаванне ў цябе не спыніцца.
2 Чуцен ляскат пуг і грукат колаў, іржанне коней і грукатанне калясніц, нясецца конніца,
3 і блішчаць мечы, і дзіды зіхацяць, і мноства забітых, і кучы трупаў; і безліч трупаў, і спатыкаюцца аб целы.
4 Гэта — з-за мноства ўчынкаў распусніцы, прыгожай, і мілай, і злачыннай, якая распустай сваёю зводзіць народы і чарамі сваімі — плямёны.
5 Вось, Я іду супраць цябе, — кажа Госпад Магуццяў, — і падыму адзенне тваё на твар твой, і пакажу народам галізну тваю і царствам — ганьбу тваю.
6 І закідаю цябе агіднасцямі, і абкладу цябе знявагамі, і выстаўлю цябе на пасмешышча.
7 Ды станецца, што кожны, хто гляне на цябе, адыдзецца ад цябе і скажа: “Нініва спустошана! Хто пашкадуе яе? Дзе знайсці мне табе суцяшальніка?”
8 Ці ж лепшая ты, чым Но-Амон, што ляжыць між рэкамі? Акружаны водамі: мора — вал яго, воды — муры яго.
9 Куш быў сілай яго, і Егіпет, якому не было канца; Пут і лібійцы былі ў дапамогу яму.
10 Але і ён быў пераселены, пайшоў у палон. Дзяцей яго забівалі на скрыжаваннях усіх дарог і аб слаўных яго кідалі жэрабя, і ўсе магнаты яго былі закаваны ў кайданы.
11 Так і ты ап’янееш, будзеш глядзець з пагардаю; і ты будзеш шукаць абароны ад ворага.
12 Усе ўмацаванні твае, як дрэва фігавае з раннімі пладамі: калі патрэсці іх, то проста ўпадуць у вусны таго, хто іх есць.
13 Вось, народ твой — жанчыны сярод цябе; ворагам тваім адчыняцца насцеж брамы зямлі тваёй; агонь спаліць засаўкі твае.
14 Набяры вады на час аблогі сваёй, умацуй цвярдыні свае; пайдзі на балота і тапчы гліну, і вазьмі яе дзеля лепкі сцен.
15 Там спаліць цябе агонь, пасячэ меч, зжарэ цябе, як саранча. Памнажайся, як саранча, павялічвайся, як саранча.
16 Памнажай купцоў сваіх, як зоркі на небе; а саранча скінула шкуру і паляцела.
17 Вартаўнікі твае — як саранча і пісары твае — як рой саранчы, які гняздзіцца ў агароджах у час халодны; узыходзіць сонца — і разлятаецца, і не вядома, дзе было месца іх.
18 Спяць пастухі твае, цар Асірыйскі, адпачываюць князі твае, рассыпаўся народ твой па гарах, і няма каму сабраць яго.
19 Няма супакою дзеля знішчэння твайго, невылечная рана твая; усе, якія пачуюць чутку пра цябе, будуць пляскаць у далоні на цябе; бо каго толькі не закранула несупынна ліхота твая?»
Наум 3 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча