Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

От Луки 11 глава

1 І сталася, калі быў Ён у нейкім месцы, молячыся, як скончыў, сказаў Яму адзін з вучняў Яго: «Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў».
2 А Ён гаворыць ім: «Калі моліцеся, кажыце: “Ойча наш, Які ў нябёсах, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё. Станься воля Твая як у нябесах, так і на зямлі!
3 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння.
4 І даруй нам грахі нашы, як і мы даруем кожнаму нам вінаватаму, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”».
5 Затым гаворыць ім: «Хто з вас будзе мець прыяцеля, і пойдзе да яго апоўначы, і скажа яму: “Прыяцелю, пазыч мне тры хлябы,
6 бо прыбыў да мяне мой прыяцель з дарогі і не маю чым яго прыняць”;
7 а той знутры адкажа, кажучы: “Не дакучай мне; дзверы ўжо замкнёны, і дзеці мае са мной у ложку, не магу ўстаць і даць табе”.
8 Кажу вам: нават калі не падымецца і не дасць яму дзеля таго, што з’яўляецца яго прыяцелем, дык дзеля яго дакучлівасці ўстане і дасць, колькі яму трэба.
9 Дык і Я вам кажу: прасіце — і будзе вам дадзена; шукайце — і знойдзеце; стукайце — і будзе вам адчынена.
10 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і таму, хто стукае, будзе адчынена.
11 І калі ў кагосьці з вас, як у бацькі, сын папросіць хлеба, ці падасць яму камень, калі папросіць рыбу, ці ж замест рыбы дасць яму змяю?
12 Або калі папросіць яйка, ці ж дасць яму скарпіёна?
13 Таму, калі вы, хоць і благія, умееце даваць дзецям вашым добрыя дары, дык наколькі ж больш Айцец з неба дасць Духа Святога тым, хто просіць Яго».
14 І раз выгнаў Ён дэмана, і быў ён нямы; і сталася, калі дэман выйшаў, нямы пачаў гаварыць. І дзівіліся людзі.
15 А некаторыя з іх казалі: «Моцаю Бэльзебула, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў».
16 А іншыя, выпрабоўваючы Яго, патрабавалі ад Яго знака з неба.
17 Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Кожнае царства, падзеленае ў самім сабе, не выстаіць, і дом на дом упадзе.
18 А калі і шатан падзелены ў самім сабе, дык як утрымаецца царства яго? Бо вы кажаце, што Я праз Бэльзебула выганяю дэманаў.
19 А калі Я праз Бэльзебула выганяю дэманаў, дык сыны вашы праз каго выганяюць? Таму яны будуць суддзямі вашымі.
20 Але калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць прыйшло да вас Валадарства Божае.
21 Калі ўзброены асілак ахоўвае дом свой, дык у бяспецы тое, што ён мае.
22 А калі дужэйшы ад яго прыйдзе і пераможа яго, дык забярэ ўсю яго зброю, на якую спадзяваўся, і здабычу яго падзеліць.
23 Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідае.
24 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, бадзяецца па бязводных мясцінах, шукаючы спачынку, і, не знаходзячы яго, кажа: “Вярнуся ў дом свой, адкуль выйшаў”.
25 І, калі прыходзіць, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
26 Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, яны пасяляюцца там, і апошнее робіцца таму чалавеку горшае за першае».
27 І сталася, калі Ён гэтак навучаў, адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму: «Шчаснае ўлонне, якое вынасіла Цябе, ды грудзі, якія выкармілі Цябе».
28 А Ён сказаў: «Тым болей шчасныя тыя, што слухаюць слова Божае ды захоўваюць яго».
29 А калі сабраліся людзі, пачаў казаць: «Род гэты ёсць род нягодны; шукае знака, і знак не будзе дадзены яму, толькі знак Ёны прарока.
30 Бо як Ёна быў знакам для нініўцаў, так Сын Чалавечы будзе знакам для роду гэтага.
31 Царыца з поўдня падчас суда паўстане разам з людзьмі гэтага пакалення ды асудзіць іх, бо яна прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасці Саламона, а вось, тут большы за Саламона.
32 Мужы з Нінівы стануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны на заклік Ёны навярнуліся, а вось, тут большы за Ёну.
33 І ніхто, запаліўшы свечкі, не ставіць у сховішча або пад пасудзіну, але на падсвечніку, каб бачылі святло яе ўсе тыя, што ўваходзяць.
34 Светач цела — вока. Дык калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе светлае; а калі вока тваё будзе нягодным, дык і ўсё цела тваё цёмным будзе.
35 Дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не сталася цемрай.
36 Калі ж усё цела тваё светлым будзе, не маючы ані часткі зацемненай, дык усё будзе светлым, быццам свяцільнік у ззянні сваім асвятляе цябе».
37 І, калі Ён гаварыў, адзін фарысей запрасіў, каб Ён паабедаў у яго; і, увайшоўшы, Ён узлёг.
38 Але фарысей здзівіўся, бачачы, што Ісус не памыў рукі перад абедам.
39 І гаворыць Госпад яму: «Цяпер вы, фарысеі, абмываеце тое, што звонку чары і місы, але тое, што ўнутры вас, — поўнае сквапнасці і беззаконня.
40 Неразумныя! Ці ж Той, Хто стварыў знешняе, не стварыў таксама нутра?
41 Лепш давайце людзям міласціну з таго, што ўнутры, і вось, усё будзе вам чыстым.
42 Але гора вам, фарысеі, што даяце дзесяціну з мяты, і руты, і з усякай гародніны, а не звяртаеце ўвагі на справядлівасць і любоў Бога. Трэба і гэта выканаць, і таго не забываць.
43 Гора вам, фарысеі, што любіце першыя лаўкі ў сінагозе і прывітанні на рынку.
44 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы, як магілы, якіх не відаць, і людзі, ходзячы па іх, не ведаюць».
45 Адзін з заканазнаўцаў, адказваючы, гаворыць Яму: «Настаўнік, так гаворачы, Ты нас зневажаеш».
46 А Ён гаворыць: «І вам, заканазнаўцы, гора, бо вы накладаеце на людзей цяжары невыносныя, а самі нават пальцам вашым не кранаеце грузу.
47 Гора вам, што будуеце магілы прарокам, а вашы бацькі пазабівалі іх.
48 Сапраўды, вы сведчыце і згаджаецеся з учынкамі бацькоў вашых, бо яны іх пазабівалі, а вы [ім магілы] будуеце.
49 Дзеля таго і мудрасць Божая сказала: “Пашлю да іх прарокаў і Апосталаў, і з іх адных пазабіваюць, а другіх пераследаваць будуць,
50 каб спагнана была кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, з роду гэтага,
51 пачынаючы ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, які загінуў між ахвярнікам і святыняй”. Канешне скажу вам: будзе спагнана з роду гэтага.
52 Гора вам, заканазнаўцы, што вы ўзялі ключ разумення! І самі не ўвайшлі, і тым, што ўваходзілі, перашкодзілі».
53 І, калі Ён казаў ім гэта, фарысеі і кніжнікі пачалі гвалтоўна наступаць на Яго і закідваць пытаннямі пра многае,
54 падпільноўваючы Яго і шукаючы, каб падлавіць у чым-небудзь з Яго вуснаў, каб абвінаваціць Яго.

От Луки 11 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.