Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
2 Коринфянам 6 глава
1 Мы, як супрацоўнікі, заклікаем вас, каб вы не надарма прынялі ласку Божую,
2 бо Ён кажа: «У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе». Вось, цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўлення!
3 Не даючы нікому магчымасці спатыкнення, каб не глуміліся са служэння,
4 але ва ўсім мы яўляем сябе паслугачамі Бога: у вялікай цярплівасці, у горы, у нястачы, ва ўцісках,
5 пад ударамі, у вязніцах, у забурэннях, у спрацаванасці, у недаспаннях, у пастах,
6 у чыстасці, у мудрасці, у вялікадушнасці, у дабрыні, у Духу Святым, у непадробнай любові,
7 у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і левай руцэ,
8 у пашане і ў ганьбе, у знеслаўленні і ў добрай славе; нібы ашуканцы, ды праўдамоўныя,
9 быццам няведамыя, ды вядомыя, быццам паміраючыя, а, вось, жывём, быццам караныя, але не забітыя на смерць,
10 як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога не маюць, а ўсім валодаюць.
11 Вусны нашы адкрыліся да вас, карынцяне, наша сэрца пашырылася.
12 Вам не цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах.
13 Уздайце нам тым самым спосабам, як да сваіх дзяцей кажу: адкрыйцеся і вы.
14 Не запрагайцеся з няверуючымі ў адно ярмо. Бо што мае агульнага справядлівасць з несправядлівасцю? Або якая супольнасць святла з цемраю?
15 Або якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая лучнасць веруючага з няверуючым?
16 Або якое суладдзе святыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсць святыня Бога жывога, як кажа Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.
17 Таму выйдзіце з іх асяроддзя і адлучыцеся ад іх, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я вас прыму,
18 і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі — кажа Госпад Усемагутны».
2 Коринфянам 6 глава в переводах