Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Ефесянам 6 глава
1 Дзеці, слухайце бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва.
2 Паважай бацьку твайго і маці; гэта першае прыказанне з абяцаннем:
3 каб добра было табе і каб быў ты даўгавечным на зямлі.
4 І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у навуцы і напамінанні Госпадавым.
5 Нявольнікі, са страхам і трымценнем у прастаце сэрца падпарадкоўвайцеся цялесным гаспадарам вашым, як Хрысту,
6 не на вачах толькі служачы, каб людзям падабацца, але як паслугачы Хрыстовы, выконваючы волю Божую ад душы,
7 з добрай волі паслугуючы, як Госпаду, а не людзям,
8 ведаючы, што кожны, хто б зрабіў дабро, той і ад Госпада атрымае, ці ён нявольнік, ці вольны.
9 І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, змяншаючы пагрозы, ведаючы, што іх і ваш Госпад ёсць у небе і што Ён не ўзіраецца на асобу.
10 Урэшце, браты, умацуйцеся ў Госпадзе і ў сіле магутнасці Яго.
11 Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб змаглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла.
12 Бо наша змаганне не супраць цела і крыві, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць цемры гэтага веку, супраць духаў нягоднасці ў нябёсах.
13 Дзеля таго вазьміце ўсю зброю Божую, каб маглі ў дзень ліхі супрацьстаць і, выканаўшы ўсё, выстаяць.
14 Дык стойце, падперазаўшы сцёгны вашы праўдаю, і надзеўшы панцыр справядлівасці,
15 і абуўшы ногі ў гатоўнасць абвяшчаць Евангелле супакою;
16 на ўсякую [нагоду] вазьміце шчыт веры, якім зможаце патушыць усе вогненныя стрэлы ліхога;
17 і вазьміце шалом збаўлення разам з мечам Духа, якім ёсць Слова Божае,
18 ва ўсякі час молячыся ўсякаю малітваю і просьбаю ў Духу, аб гэтым самым чувайце з усёй трываласцю і просьбаю за ўсіх святых
19 і за мяне, каб дадзены быў мне дар слова на адкрыванне вуснаў маіх, каб пераканаўча выяўляў таямніцы Евангелля,
20 дзеля якога я прызначаны пасланцам у путах, каб у ім адважыўся гаварыць так, як мне належыць гаварыць.
21 Каб жа і вы ведалі пра мяне, што раблю, пра ўсё гэта паведаміць вам Тыхік, найдаражэйшы брат і верны слуга у Госпадзе,
22 якога я паслаў да вас на тое, каб вы ведалі, што ў нас робіцца, і каб ён суцешыў сэрцы вашы.
23 Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
24 Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незнішчальнасці. Амін.
Ефесянам 6 глава в переводах