Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
От Луки 23 глава
1 І падняла́ся ўся грамада́ іх, і павялі Яго да Пілата,
2 і пачалі абвінавачываць Яго, кажучы: Яго знайшлі мы, што псуе народ наш і забараняе плаціць падатак ке́сару, называючы Сябе́ Хрыстом-Царом.
3 Пілат спытаўся ў Яго: Ты цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты ка́жаш.
4 Пілат сказаў архірэям і народу: я не знаходжу ніякае віны ў гэтым Чалаве́ку.
5 Але яны наста́йвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, ву́чачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галіле́і да гэтага ме́сца.
6 Пілат, пачуўшы пра Галіле́ю, спытаўся: ці-ж Ён Галіле́янін?
7 І, даве́даўшыся, што Ён з краіны Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў таксама ў Ерузаліме.
8 Ірад, угле́дзіўшы Ісуса, ве́льмі ўце́шыўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, бо шмат чуў аб Ім і спадзяваўся, што Ён учыніць не́йкае знаме́ньне.
9 І пытаўся ў Яго многімі словамі, але Ён нічога не адказаў яму.
10 Архірэі-ж і кніжнікі стаялі, заўзята абвінава́чываючы Яго.
11 Ірад жа з жаўне́рамі сваімі, зьняважыўшы Яго і насьмяяўшыся над Ім, адзе́ў Яго ў сьве́тлую вопратку і адаслаў назад да Пілата.
12 І сталіся ў той дзе́нь Пілат і Ірад пры́яцелямі сабе́, бо ране́й былі ў не́прыязьні між сабою.
13 Пілат жа, склікаўшы архірэяў ды начальнікаў і народ,
14 сказаў ім: вы прывялі да мяне́ чалаве́ка гэтага, які псуе народ; і вось я, пры вас пытаючы, не знайшоў чалаве́ка гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы абвінава́чваеце Яго;
15 і Ірад таксама, бо я яму пасылаў Яго, і нічога ня знойдзена ў Ім, дастойнага сьме́рці;
16 дык вось, пакараўшы Яго, звольню.
17 Яму-ж трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго вязьня.
18 Але ўве́сь народ пачаў крычаць: Вазьмі Яго! адпусьці нам Варавву!
19 Варавва быў паса́джаны ў вязьніцу за паднятае ім у ме́сьце паўстаньне і забойства.
20 Пілат ізноў прамовіў, хочучы адпусьціць Ісуса.
21 Але яны крычалі: распні, распні Яго!
22 Ён трэці раз сказаў ім: Што-ж благога ўчынíў Ён? Нічога, заслугоўваючага сьме́рці, я не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, звольню.
23 Але яны дале́й з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі. І перамог крык іх і архірэяў.
24 І Пілат прысудзіў, каб ста́лася па просьбе іх.
25 І звольніў ім паса́джанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каго яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.
26 І, як вялі Яго, то, узяўшы не́йкага Сымона Кірэнэйца, што йшоў з поля, узвалілі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
27 І йшло за Ім вялікае множства народу і жанчын, якія плакалі й галасілі па Ім.
28 Ісус жа, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерузалімскія! ня пла́чце па Мне́, але пла́чце па сабе́ і па дзе́цях вашых;
29 бо падыхо́дзяць дні, калі скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, што не раджалі, і грудзі, што не кармілі.
30 Тады пачнуць гаварыць го́рам: «упадзіце на нас», і ўзго́ркам: «пакрыйце нас!»
31 бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што́ ста́нецца?
32 Вялі з Ім на сьме́рць і двох ліхадзе́яў.
33 І, калі прыйшлі на ме́сца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго й ліхадзе́яў, аднаго па правы, а другога па ле́вы бок.
34 Ісус жа сказаў: Аце́ц, даруй ім, бо ня ве́даюць, што робяць. І дзялілі адзе́жы Яго, кідаючы жэрабе.
35 І стаяў народ і глядзе́ў. Насьмяхаліся-ж разам з імі й нача́льнікі, ка́жучы: другіх спаса́ў, няхай жа Сябе́ Самога спасе́, калі Ён Хрыстос, выбра́нец Божы.
36 Таксама й жаўне́ры ла́ялі Яго, падыхо́дзячы й падносячы воцат,
37 і казалі: калі Ты Цар Юдэйскі, спасі Сябе́ Самога.
38 І быў над Ім надпіс, напісаны сло́вамі грэцкімі, рымскімі й жыдоўскімі: гэты ёсьць Цар Юдэйскі.
39 Адзін з паве́шаных ліхадзе́яў зьняважа́ў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, спасі Сябе́ і нас.
40 Другі-ж, наадварот, сунімаў Яго ды гаварыў: ці-ж ты не баішся Бога, калі й сам засуджаны на тое-ж?
41 І мы засуджаны справядліва, бо мы дасталі тое, чаго варты нашы ўчынкі; а Ён нічога благога не зрабіў.
42 І сказаў Ісусу: успо́мні аба мне́, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!
43 І сказаў яму Ісус: Запраўды́ кажу табе́: сяньня-ж будзеш са Мною ў раю.
44 Было-ж каля шо́стае гадзіны дня, і ста́лася це́мра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявя́тае:
45 і паме́ркла сонца, і заслона ў царкве́ разарва́лася пасярэдзіне.
46 Ісус, загаласіўшы моцным голасам, сказаў: Аце́ц, у рукі Твае́ аддаю дух Мой. І, сказаўшы гэтае, аддаў дух.
47 Сотнік жа, бачучы зда́рыўшаеся, славіў Бога й казаў: запраўды́, чалаве́к гэты быў пра́веднік.
48 І ўве́сь народ, што прыйшоў паглядзе́ць на гэта, бачучы зда́рыўшаеся, варочаўся, б’ючыся ў грудзі.
49 Усе́-ж, знаўшыя Яго, і жанчыны, што йшлі за Ім з Галіле́і, стаялі здалёк і глядзе́лі на гэтае.
50 Тады не́хта на імя Язэп, ся́бра ра́ды, чалаве́к добры і справядлівы
51 (ён ня прымаў учасьця ў радзе і паступку яе́), родам з Арыматэі, ме́ста Юдэйскага, які таксама ждаў Царства Божага,
52 прыйшоў да Пілата і прасіў Це́ла Ісусавага;
53 і, зьняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале́, дзе́ яшчэ ніхто ня быў пакла́дзены.
54 Дзе́нь той быў пятніца, і надыходзіла субота.
55 І жанчыны, што прыйшлі з Ісусам з Галіле́і, пайшлі і глядзе́лі магілу і як клалі це́ла Яго;
56 вярнуўшыся-ж прыгатавалі пахі і масьці; і ў суботу супачывалі паводле прыказа́ньня.
От Луки 23 глава в переводах