Читай и изучай

Библия » Пераклад Анатоля Клышкi

От Марка 1 глава

1 Пачатак Дабравесця Ісуса Хрыста, [Сына Божага].
2 Як напісана ў прарока Ісаіі: «Вось, Я пасылаю Майго пасланца перад Тваім абліччам, які падрыхтуе Тваю дарогу [перад Табою];
3 голас вестуна ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму».
4 З’явіўся Іаан, які хрысціў у пустэльні і абвяшчаў хрышчэнне пакаяння дзеля даравання грахоў.
5 І выходзіла да яго ўся Іудзейская краіна і ўсе іерусалімцы, і хрысціліся ад яго ў рацэ Іардане, вызнаючы свае грахі.
6 І быў Іаан у вопратцы з вярблюджай шэрсці і са скураным поясам на паясніцы сваёй, і еў саранчу ды палявы мёд.
7 І абвяшчаў, кажучы: Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык Яго сандаляў.
8 Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць у Святым Духу.
9 І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Іаанам у Іардане.
10 І адразу, выходзячы з вады, убачыў, як раскрываюцца нябёсы і Дух, як голуб, зыходзіць на Яго;
11 І голас пачуўся з нябёсаў: Ты Мой Сын улюбёны, у Табе Маё задавальненне.
12 І адразу Дух вядзе Яго ў пустэльню.
13 І быў Ён [там] у пустэльні сорак дзён, спакушваны сатаною; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму.
14 А пасля таго, як Іаан быў зняволены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Дабравесце Божае
15 і кажучы: Споўніўся час, і наблізілася Царства Божае: кайцеся і веруйце ў Дабравесце.
16 І, праходзячы паўз Галілейскае мора, Ён убачыў Сімана і Андрэя, Сіманавага брата, якія закідвалі сеткі ў мора; бо яны былі лаўцамі рыбы.
17 І сказаў ім Ісус: Ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўцамі людзей.
18 І, адразу пакінуўшы [свае] сеткі, яны пайшлі ўслед за Ім.
19 І, прайшоўшы [адтуль] крыху, Ён убачыў Іякава Зевядзеевага і яго брата Іаана, якія, таксама ў лодцы, папраўлялі сеткі,
20 і адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы свайго бацьку Зевядзея ў лодцы з наймітамі, пайшлі за Ім.
21 І ўваходзяць яны ў Капернаум; і адразу, у суботу, Ён, увайшоўшы ў сінагогу, вучыў.
22 І здзіўляліся Яго навуцы: бо Ён вучыў іх як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
23 І адразу выявіўся ў іх сінагозе чалавек, апантаны нячыстым духам, і ён закрычаў,
24 кажучы: Што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты, — Святы Божы.
25 Але Ісус забараніў яму, кажучы: Змоўкні і выйдзі з яго!
26 І нячысты дух, скурчыўшы яго і ўскрыкнуўшы гучным голасам, выйшаў з яго.
27 І ўсе жахнуліся, так што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: Што гэта? Навука новая з уладаю? І Ён загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго.
28 І адразу чутка пра Яго разышлася скрозь па ўсёй ваколіцы ў Галілеі.
29 І адразу, выйшаўшы з сінагогі, яны з Іякавам і Іаанам прыйшлі ў дом Сімана і Андрэя.
30 А Сіманава цешча ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
31 І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і гарачка [тут жа] адпусціла яе, і яна прыслужвала ім.
32 А з надыходам вечара, калі зайшло сонца, дастаўлялі да Яго ўсіх нямоглых і апантаных дэманамі;
33 і ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
34 І Ён вылечыў многіх заняпалых на розныя хваробы і шмат дэманаў выгнаў і не дапускаў дэманам гаварыць, бо яны ведалі Яго.
35 І вельмі рана, яшчэ ўначы ўстаўшы, выйшаў Ён і пайшоў у пустэльнае месца і там маліўся.
36 А Сіман і тыя, што былі з Ім, нагналі Яго
37 і знайшлі Яго і кажуць Яму: Усе шукаюць Цябе.
38 І Ён кажа ім: Хадзем у іншае месца, у навакольныя мястэчкі, каб і там Я прапаведаваў: бо на тое Я выйшаў.
39 І Ён пайшоў, прапаведуючы ў іх сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяючы дэманаў.
40 І прыходзіць да Яго пракажоны і просіць, [упаўшы на калені], кажучы Яму: Калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне.
41 І [Ісус], злітаваўшыся, працягнуў руку, дакрануўся да яго і кажа: Хачу — ачысціся!
42 І [калі Ён сказаў], праказа адразу сышла з таго, і той ачысціўся.
43 І, сурова загадаўшы яму, адразу адправіў яго
44 і кажа яму: Глядзі, нікому нічога не кажы, а ідзі, пакажыся святару і прынясі за сваё ачышчэнне, што загадаў Маісей, у сведчанне ім.
45 А той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што [Ісус] не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а быў наводшыбе ў пустэльных месцах; і прыходзілі да Яго адусюль.

От Марка 1 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.