Библия » Пераклад П. Татарыновіча
От Марка 1 глава
1 Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў Ізая прарока (40,3): «Вось я пасылаю анела майго перад воблікам тваім, які прыгатуе дарогу тваю перад табою.
3 Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Госпадаву, прастуйце сьцежкі ягоны».
4 Быў Ян у пустыні, хрысьцячы й абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэнне грахоў.
5 І выйходзіла к яму ўся краіна Юдэйская ўсе Ерузалімцы ды былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.
6 А быў Ян адзеты ў шарсьцянку вярблюдаву з поясам шкураным у паясьніцы ягонай ды еў шаранчу й лясны мёд.
7 І прадвяшчаў кажучы: Магутнейшы за мяне ідзе за мною якому ня годзен я нахіліўшыся развязаць рэмень абутку яго.
8 Я вас хрысьціў вадою, ён-жа хрысьціціме вас Духам Святым.
9 І сталася, ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў Янам ахрышчаны ў Ярдане.
10 І зараз, выйходзячы з вады, ўбачыў неба расхіленае і Духа, бы голуба, зыходзячага й трываючага на ім.
11 І стаўся голас з неба: Ты Сын мой мілы, ў табе мне даўспадобы.
12 І зараз Дух павёў яго ў пустыню.
13 І прабыў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушаны дзяблам і прабываў з звяратамі, а анелы прыслужвалі яму.
14 Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію валадарства Божага
15 і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася гаспадарства Божае, пакутуйце ды верце эванэліі.
16 І прайходзячы каля мора Галілейскага, ўбачыў Сымона й Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі.
17 І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною, а зраблю вас, што станецеся рыбакамі людзей.
18 І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.
19 А крыху адыйшоўшыся адтуль, убачыў Якуба Зэбэдэевага ды Яна, брата ягонага, парадкуючых невады ў лодцы,
20 і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зэбэдэя з наймітамі, пайшлі за ім.
21 Ды прыходзяць у Кафарнаум; і зараз-жа ў сыботу, ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх.
22 І дзівіліся з навукі ягонай, вучыў бо іх як той, што ўладу мае, а не як кніжнікі.
23 А быў у іхняй бажніцы чалавек, маючы духа нячыстага і закрычаў,
24 кажучы: Што табе да нас, Езус Назарэньскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю хто ты, Святы Божы!
25 І прыгразіў яму Езус, гаворачы: Замоўкні й выйдзі з чалавека!
26 І скалатнуўшы яго ды закрычаўшы дзікім голасам, выйшаў з яго дух нячысты.
27 І жахнуліся ўсе, так што пыталіся адзін другога, кажучы: Што гэта? Што за навука новая, што ён з уладай навет духам нячыстым загадвае й слухаюць яго?
28 І хутка разыйшлася аб ім слава па ўсёй Галілейскай краіне.
29 І неўзабавак, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона й Андрэя з Якубам і Янам.
30 А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы, дык зараз кажуць яму аб ёй.
31 І падыйшоўшы, падняў яе, ўзяўшы за руку, і воміг пазбылася гарачкі й паслугоўвала ім.
32 Каліж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі к яму ўсіх нядужых ды маючых дз’ябальства,
33 і ўсё места сабралося перад дзвярыма.
34 І аздаравіў многіх, церпячых ад усякіх хваробаў, і выганяў многа дэмонаў, ды не пазваляў ім гаварыць, што яго зналі.
35 А ўстаўшы нараніцы, чуць золак, выйшаў ды пайшоў на адасобненае месца і там маліўся.
36 Паспяшыў і Сымон за ім ды тыя, што былі з ім.
37 І знайшоўшы яго, гавораць яму: Усе цябе шукаюць.
38 І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі й гарады, каб і там навучаць мне, бо-ж натое я й прыйшоў.
39 І навучаў скроз у іхніх бажніцах ды па ўсёй Галілеі й выганяў дэманаў.
40 І прыйходзе да яго запаветраны, просячы яго і, ўпаўшы на калені, гаворачы яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
41 Езус, зжаліўшыся над ім, працягнуў руку сваю, і дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны.
42 І як толькі сказаў, зараз-жа адыйшло ад яго запаветранне і быў ачышчаны.
43 І прыгразіўшы яму, зараз-жа адправіў яго
44 і сказаў яму: Глядзі, не кажы нікому, але йдзі пакажыся старшаму святару й ахвяруй за сваё ачышчэнне што загадаў Майзей на пасьветчанне ім.
45 Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, а прабываў вонках на адлюдздзі, адыж сходзіліся к яму зусюль.
От Марка 1 глава в переводах