Читай и изучай

Библия » Пераклад Анатоля Клышкi

Деяния 7 глава

1 І першасвятар спытаўся: Ці так гэта?
2 І ён сказаў: Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы з’явіўся нашаму бацьку Аўрааму, калі той быў у Месапатаміі, перш чым ён пасяліўся ў Харане,
3 і сказаў яму: «Выйдзі з тваёй зямлі і [з] тваёй радні і пайдзі ў зямлю, якую Я табе пакажу».
4 Тады, выйшаўшы з халдзейскай зямлі, ён пасяліўся ў Харане. І адтуль, пасля таго як памёр яго бацька, Бог перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяце,
5 ды не даў яму спадчыны ў ёй ні на след нагі, але абяцаў даць яе ў валоданне яму і яго патомству пасля яго, хоць у яго яшчэ не было дзіцяці.
6 І сказаў так Бог, што яго нашчадкі будуць пасяленцамі ў чужой зямлі і іх зняволяць у рабства і будуць гнясці чатырыста гадоў.
7 «Але народ, якому яны будуць служыць рабамі, Я буду судзіць, — сказаў Бог, — і пасля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы».
8 І Ён даў яму запавет абразання; і гэтак ад Аўраама нарадзіўся Ісаак, і на восьмы дзень ён абрэзаў яго; а ад Ісаака — Іякаў, а ад Іякава — дванаццаць патрыярхаў.
9 І патрыярхі, пазайздросціўшы Іосіфу, прадалі яго ў Егіпет. Але Бог быў з ім,
10 і выбавіў яго ад усіх бедаў і даў яму ласку і мудрасць перад фараонам, царом Егіпта, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і [над] усім сваім домам.
11 І прыйшоў голад на ўвесь Егіпет і Ханаан і вялікая бяда, і нашы бацькі не знаходзілі, чым пракарміцца.
12 Але Іякаў, пачуўшы, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў туды нашых бацькоў першы раз.
13 А другім разам Іосіф адкрыўся сваім братам, і Іосіфаў род стаў вядомы фараону.
14 І Іосіф, паслаўшы, паклікаў свайго бацьку Іякава і ўсю [сваю] радню — семдзесят пяць душ.
15 І Іякаў зышоў у Егіпет; і памёр ён сам і нашы бацькі,
16 і іх перанеслі ў Сіхем і паклалі ў магільні, якую Аўраам купіў, заплаціўшы серабром, у сыноў Гэмора ў Сіхеме.
17 І як набліжаўся час абяцання, якое Бог [з клятваю] даў Аўрааму, народ рос і памнажаўся ў Егіпце,
18 пакуль не ўстаў [над Егіптам] іншы цар, які не ведаў Іосіфа.
19 Ён хітраваў супроць нашага роду і чыніў ліхое [нашым] бацькам, так каб яны выкідвалі сваіх немаўлят, каб тыя не заставаліся ў жывых.
20 У гэты час нарадзіўся Маісей, і ён быў прыгожы для Бога; яго тры месяцы гадавалі ў бацькавым доме,
21 а калі яго кінулі, яго падабрала фараонава дачка і выгадавала яго сабе за сына.
22 І Маісей быў навучаны ўсёй егіпецкай мудрасці, быў жа ён моцны ў сваіх словах і ўчынках.
23 А калі яму споўнілася сорак гадоў, прыйшло яму на сэрца адведаць сваіх братоў, сыноў Ізраілевых.
24 І ён, убачыўшы, што аднаго з іх крыўдзяць, абараніў таго і адпомсціў за пакрыўджанага, забіўшы егіпцяніна.
25 І ён думаў, што яго браты разумеюць, што Бог яго рукою дае ім выратаванне; але яны не зразумелі.
26 І на другі дзень ён з’явіўся між іх, калі яны біліся, і схіляў іх да згоды, кажучы: Мужы, вы браты; чаму крыўдзіце адзін аднаго?
27 Але той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго і сказаў: «Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёю над намі?
28 Ці не хочаш ты забіць мяне гэтак жа, як учора забіў егіпцяніна?»
29 І Маісей уцёк пры гэтым слове і зрабіўся прышэльцам у мадыямскай зямлі, дзе ў яго нарадзілася два сыны.
30 І калі мінула сорак гадоў, з’явіўся яму ў пустэльні гары Сінай Анёл [Гасподні] ў полымі агню калючага куста.
31 І Маісей, убачыўшы, здзівіўся з’явенню, а калі ён падходзіў, каб разгледзець, пачуўся голас Госпада [да яго]:
32 «Я Бог тваіх бацькоў, Бог Аўраама, [і Бог] Ісаака, і [Бог] Іякава». І Маісей, задрыжаўшы, не адважыўся паглядзець.
33 І Госпад сказаў яму: «Здымі сандалі з тваіх ног, бо месца, на якім ты стаіш, — святая зямля.
34 Я сапраўды ўбачыў уціск Майго народа, што ў Егіпце, і стогн іх пачуў, і зышоў, каб выбавіць іх; а цяпер ідзі, сюды, Я пашлю цябе ў Егіпет».
35 Гэтага Маісея, ад якога яны адцураліся, сказаўшы: «Хто цябе паставіў начальнікам і суддзёю?» — гэтага Бог [і] начальнікам і збаўцам паслаў праз Анёла, што з’явіўся яму ў калючым кусце.
36 Гэты чалавек вывеў іх, творачы цуды і знакі ў егіпецкай зямлі, у Чырвоным моры і ў пустэльні сорак гадоў.
37 Гэта той Маісей, які сказаў Ізраілевым сынам: «Прарока паставіць вам Бог з вашых братоў, як мяне, [Яго слухайце]».
38 Гэта той, хто быў у пустэльні ў супольнасці з Анёлам, які казаў яму на гары Сінай, і з нашымі бацькамі і які прыняў жывыя словы, каб даць нам,
39 якога не захацелі слухацца нашы бацькі, а адштурхнулі яго і павярнуліся ў сваіх сэрцах да Егіпта,
40 сказаўшы Аарону: «Зрабі нам багоў, якія пойдуць перад намі; бо з гэтым Маісеем, які вывеў нас з егіпецкай зямлі, — мы не ведаем, што з ім здарылася».
41 І яны зрабілі цяльца ў тыя дні і прынеслі ахвяру ідалу і радаваліся працы сваіх рук.
42 Але Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць нябеснаму войску, як і напісана ў кнізе прарокаў: «Ці заколатае і ахвяры вы прыносілі Мне сорак гадоў у пустэльні, доме Ізраілеў?
43 І вы ўзялі скінію Молахаву і зорку [вашага] бога Райфана — выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім, і я перасялю вас за Вавілон».
44 Скінія сведчання была ў нашых бацькоў у пустэльні, як распарадзіўся Той, Хто казаў Маісею, каб зрабіў яе паводле ўзору, які ён убачыў;
45 яе і ўнеслі, атрымаўшы, нашы бацькі з Ісусам Навіным пры авалоданні зямлі народаў, якіх Бог выганяў ад аблічча нашых бацькоў да дзён Давіда,
46 які знайшоў ласку перад Богам і прасіў знайсці жыллё Богу Іякава.
47 Саламон жа пабудаваў Яму дом.
48 Але Усявышні жыве не ў рукатворным, як кажа прарок:
49 «Неба мне трон, а зямля — падножжа Маіх ног; які дом збудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца Майго адпачынку?
50 Хіба не Мая рука стварыла ўсё гэта?»
51 Жорсткашыйныя і неабрэзаныя сэрцамі і вушамі, вы заўсёды працівіцеся Святому Духу, як вашы бацькі, так і вы.
52 Каго з прарокаў не гналі вашы бацькі? І яны забілі тых, хто загадзя абвяшчаў аб прышэсці Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога цяпер зрабіліся вы,
53 якія атрымалі закон у распараджэннях Анёлаў і не захавалі яго.
54 І, калі яны чулі гэта, сэрцы ў іх раз’ятрываліся, і яны скрыгаталі на яго зубамі.
55 А ён, поўны Святога Духа, угледзеўшыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, які стаяў праваруч Бога;
56 і ён сказаў: Вось бачу я адчыненыя нябёсы і Сына Чалавечага, што стаіць праваруч Бога.
57 А яны, закрычаўшы гучным голасам, заткнулі вушы свае і аднадушна кінуліся на яго
58 і, выгнаўшы з горада, яны пачалі яго каменаваць. А сведкі склалі сваё адзенне ў нагах юнака, якога звалі Саўлам,
59 і каменавалі Стэфана, а ён заклікаў Госпада і казаў: Госпадзе Ісусе, прымі мой дух!
60 І, стаўшы на калені, усклікнуў гучным голасам: Госпадзе, не залічы ім гэтага грэху! — І, сказаўшы гэта, спачыў.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.