Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Деяния 7 глава
1 Тады першасвятар сказаў яму: «Ці гэта праўда?»
2 Ён жа гаворыць: «Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы аб’явіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі ён яшчэ быў у Месапатаміі, перад тым як абжыўся ў Харане.
3 І сказаў яму: “Выйдзі з зямлі сваёй і ад радні сваёй і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу”.
4 Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскай, абжыўся ён у Харане. І адтуль, па смерці яго бацькі, перасяліў яго Бог у зямлю гэтую, у якой вы цяпер пражываеце,
5 і не даў яму ва ўласнасць ані пядзі зямлі, але абяцаў даць яе ва ўласнасць яму і нашчадкам яго па ім, хоць не меў тады яшчэ сына.
6 І сказаў Бог, што будуць нашчадкі яго перасяленцамі ў чужой зямлі, і аддадуць іх у нявольніцтва, і будуць яны прыгнечаныя на працягу чатырохсот гадоў.
7 “І народ, у якога будуць яны нявольнікамі, Я Сам асуджу, — сказаў Бог, — і пасля таго выйдуць яны і будуць служыць Мне на гэтым месцы”.
8 І даў яму запавет абразання; і так нарадзіў Ізаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень, а Ізаак — Якуба, а Якуб — дванаццаць патрыярхаў.
9 І патрыярхі праз зайздрасць прадалі Язэпа ў Егіпет; і Бог быў з ім,
10 і вызваліў яго ад усякіх бед, і даў яму ласку і мудрасць перад абліччам фараона, цара Егіпта, і ён прызначыў яго ўладаром над Егіптам ды над усім сваім домам.
11 І ўвесь Егіпет і Ханаан наведаў голад, і вялікае гора, і бацькі нашы не мелі што есці.
12 Калі Якуб дачуўся, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў бацькоў нашых першы раз,
13 а за другім разам Язэп быў пазнаны сваімі братамі, фараону ж стаў вядомы род Язэпа.
14 І, паслаўшы, Язэп паклікаў Якуба, бацьку свайго, ды ўсю радню сваю ў ліку сямідзесяці пяці душ,
15 і Якуб прыйшоў у Егіпет. І памёр ён сам, і бацькі нашы,
16 і перанеслі іх у Сіхэм ды паклалі ў магіле, якую Абрагам купіў за срэбра ад сыноў Гемора ў Сіхэме.
17 А, як набліжаўся час здзяйснення абяцання, якое Бог даў Абрагаму, народ разрастаўся і размнажаўся ў Егіпце,
18 пакуль не запанаваў над Егіптам новы цар, які не ведаў Язэпа.
19 Ён подступам пачаў прыгнятаць народ наш і прымушаў бацькоў нашых выкідваць немаўлят сваіх, каб не заставаліся жывымі.
20 У той час нарадзіўся Майсей, і быў ён мілы Богу; і тры месяцы кармілі яго ў доме бацькі ягонага.
21 А калі ён быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і ўзгадавала яго як свайго сына.
22 І быў Майсей навучаны ўсёй мудрасці егіпецкай, ды быў магутны ў словах і ўчынках сваіх.
23 А калі споўнілася яму сорак гадоў, апанавала яго сэрца задума адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраэля.
24 І, калі ўбачыў ён аднаго земляка, што цярпеў несправядлівасць, то абараніў і памсціўся за крыўджанага, забіўшы егіпцяніна.
25 Ён думаў, што браты зразумеюць, што Бог яго рукой дае ім ратунак, але яны не зразумелі.
26 Калі на другі дзень з’явіўся ён між імі, а яны біліся між сабой, дык стараўся іх пагадзіць, кажучы: “Людзі, вы ж браты; чаму крыўдзіце адзін аднаго?”
27 Але той, што чыніў несправядлівасць блізкаму, адпіхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёю над намі?
28 Хіба і мяне хочаш забіць, як учора забіў егіпцяніна?”
29 З-за гэтых слоў Майсей уцёк і зрабіўся чужынцам у зямлі Мадыян, дзе нарадзіў ён двух сыноў.
30 Калі ж мінула сорак гадоў, з’явіўся яму ў пустыні пад гарою Сінай анёл Госпадаў у полымі агню ў кусце.
31 Майсей жа, бачачы, дзівіўся з убачанага; а калі падышоў да яго, каб прыгледзецца, пачуў голас Госпада:
32 “Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”. Затрымцеўшы, Майсей не адважыўся глядзець.
33 І сказаў яму Госпад: “Здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, ёсць зямля святая.
34 Пазіраючы, убачыў Я прыгнёт народа Майго ў Егіпце, ды пачуў стогны яго, дык сышоў, каб вызваліць яго; і цяпер ідзі, Я пасылаю цябе ў Егіпет”.
35 Таго, вось, Майсея, якога яны зракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёй?”, яго, вось, Бог паслаў як правадыра і збаўцу рукою анёла, што з’явіўся яму ў кусце.
36 Ён вывеў іх, чынячы цуды і знакі ў зямлі Егіпецкай і на Чырвоным моры ды ў пустыні на працягу сарака гадоў.
37 Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраэля: “Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых. Яго слухайце”.
38 Ён той, што быў пры агульным сходзе ў пустыні з анёлам, які прамаўляў да яго на гары Сінай, і з бацькамі нашымі, які атрымаў словы жыцця, каб пераказаць іх нам.
39 Але не хацелі яго слухацца бацькі нашы, ды адпіхнулі яго і звярнуліся ў сэрцах сваіх да Егіпта,
40 кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісці перад намі; бо не ведаем, што сталася з тым Майсеем, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай”.
41 І зрабілі сабе цяля ў тыя дні, ды склалі ахвяру ідалу, ды цешыліся з тварэння рук сваіх.
42 Дык Бог адвярнуўся ад іх і дазволіў, каб служылі войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: “Дом Ізраэля! Хіба прыносілі вы Мне ахвяры і цэласпаленні на працягу сарака гадоў у пустыні?
43 І паднялі вы палатку Малоха ды зорку бога вашага Рэмфана, фігуры, якія зрабілі, каб ім пакланяцца. Таму перасялю вас за Бабілон”.
44 Нашы бацькі мелі ў пустыні палатку сведчання; як загадаў Той, Хто гаварыў з Майсеем, каб ён зрабіў яе на ўзор, які бачыў.
45 Яе ўзяўшы, нашы бацькі разам з Ешуа ўнеслі ў зямлю паганаў, якіх Бог выгнаў перад абліччам бацькоў нашых аж да дзён Давіда,
46 які знайшоў ласку ў Бога і прасіў, каб знайсці жытло для Бога Якуба.
47 А Саламон пабудаваў Яму дом.
48 Але Узвышні не жыве ў пабудовах рук людскіх, як кажа прарок:
49 “Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца для супачынку Майго?
50 Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта?”
51 Людзі з цвёрдым каркам, неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Святому, як бацькі вашы, так і вы!
52 Якога з прарокаў не пераследавалі бацькі вашы? Пазабівалі вы і тых, якія прадказвалі прыход Справядлівага, Якому вы сталі цяпер здраднікамі і забойцамі.
53 Вы, што атрымалі закон праз пасярэдніцтва анёлаў, але не збераглі яго».
54 Калі яны пачулі гэта, у сэрцах сваіх закіпелі гневам і скрыгаталі зубамі на яго.
55 А ён, напоўнены Духам Святым, глянуўшы ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, што стаяў праваруч Айца,
56 і гаворыць: «Вось, бачу неба адкрытае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога».
57 Яны ж паднялі вялікі лямант, і затыкалі вушы сабе, і кінуліся на яго аднадушна,
58 і, выцягнуўшы яго за горад, укаменавалі. І сведкі паклалі сваё адзенне ля ног юнака, якога звалі Саўлам.
59 І каменавалі Сцяпана, які гучна маліўся і казаў: «Госпадзе Ісусе, прымі духа майго!»
60 А калі ўпаў на калені, закрычаў моцным голасам: «Госпадзе, не палічы ім граху гэтага». І, сказаўшы гэта, сканаў.
Деяния 7 глава в переводах