Читай и изучай

Библия » Пераклад Сабілы і Малахава

Деяния 7 глава

1 І сказаў архірэй: ці ж гэта так?
2 А ён сказаў: мужчыны, браты і ба́цькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся ба́цьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Месапатаме перш чым ён асеў у Харране,
3 і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх, і ідзі ў зямлю, якую табе пакажу.
4 Тады выйшаўшы зь зямлі хальдэяў, асеў у Харране; і адтуль, пасьля сьмерці ба́цькі ягонага перасяліў яго ў зямлю гэтую, у якой вы зараз жывяце́.
5 І ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, але абяцаў яму даць яе ў вало́даньне, і семені ягонаму пасьля яго, калі ён ня меў (яшчэ) дзіцяці.
6 І сказаў Бог так, што семя ягонае будзе прыхаджанам у зямлі чужой, і зробяць яго рабом і будуць прыгнятаць чатырыста гадоў.
7 І народ, якім (яны) будуць прыгнечаны, Я буду судзіць, сказаў Бог, — і пасьля гэтага (яны) выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым мейсцы.
8 І даў яму запавет абразаньня. І гэтак спарадзіў (ён) Ісака і абрэзаў яго на восьмы дзень; а Ісак (спарадзіў) Якуба, а Якуб дванаццаць патрыярхаў.
9 А патрыярхі з зайздрасьці прадалі Язэпа ў Ягіпет, але Бог быў зь ім,
10 і выратаваў яго з усіх бедаў ягоных, і даў яму дабразычлівасьць і мудрасьць перад хвараонам, валадаром Ягіпту, і (той) паставіў яго начальнікам над Ягіптам дый над усім домам сваім.
11 І прыйшоў голад і туга вялікая на ўсю зямлю Ягіпту ды Ханаану, і ба́цькі нашыя ня знаходзілі, чым пракарміцца.
12 Якуб жа пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Ягіпце, паслаў спачатку ба́цькаў нашых,
13 а ў другі раз Язэп адкрыўся братом сваім, і вядомы стаў хвараону род Язэпавы.
14 Язэп паслаўшы паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсю радзіну сваю, семдзясят пяць ду́шаў.
15 І Якуб перабраўся ў Ягіпет і памёр сам і ба́цькі нашыя;
16 і перанесены былі ў Сіхем і пакладзены ў магілу, якую купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Ямо́ра Сіхемавага.
17 А як набліжаўся час (збыцца) абяцаньню, якім кляўся Бог Абрагаму, народ разрастаўся і множыўся ў Ягіпце
18 пакуль ня прыйшоў другі валадар, які ня ведаў Язэпа;
19 ён настроіўшыся супраць народу нашага, хітруючы ўціскаў ба́цькаў нашых прымушаючы выкідаць дзяцей іхных, каб ня выжывалі.
20 У гэты час быў народжаны Масей і быў (ён) заўгодны Богу; (і) быў ён тры месяцы ўзгадаваны ў доме бацькі свайго.
21 А як выкінулі яго, узяла́ яго дачка хвараона ды ўзгадавала яго сабе як сына.
22 І быў навучаны Масей усёй мудрасьці ягіпецкай. І быў моцны ў словах і дзеях.
23 А як споўнілася яму сорак гадоў, прыйшло яму на сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраэлявых.
24 І ўбачыўшы як аднаго крыўдзілі заступіўся (за яго) ды ўчыніў помсту за пакрыўджанага, забіўшы ягіпцяніна.
25 Ён думаў, зразумеюць яго браты, што Бог ягонаю рукою дае ім збавеньне: але яны ня зразумелі.
26 На другі ж дзень (ён) зьявіўся ім, калі яны сварыліся і нахіляў іх да згоды, кажучы: мужчыны, вы браты! Навошта крыўдзіце адзін аднаго?
27 Але той, што крыўдзіў бліжняга, адпіхнуў яго, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі?
28 Ці ты хочаш забіць мяне, як учора забіў ягіпцяніна?
29 Ад гэтых словаў уцёк Масей і зрабіўся прыхаднем у зямлі Мадыяма, дзе нарадзіў двух сыноў.
30 А як міну́ла сорак гадоў, быў яўлены яму ў пустэльні (пад) гарою Сінай Ангел Госпада ў по́лымі агня цярнёвага куста.
31 Масей жа ўбачыўшы зьдзівіўся з уявы; калі ж ён падыходзіў разгледзіць, быў да яго Голас Госпада:
32 Я Бог ба́цькаў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба. І, задрыжэўшы, Масей ня адважваўся ўглядацца.
33 Госпад жа сказаў яму: скінь абутак з ног тваіх, бо мейсца на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
34 Паглядзеўшы, Я ўбачыў уціск народу Майго ў Ягіпту ды пачуў стагнаньне іхняе, і зыйшоў вызваліць іх. Дык цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Ягіпет.
35 Гэтага Масея, якога (яны) адцураліся, сказаўшы: «хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю?», гэтага Бог начальнікам і збавіцелям паслаў руко́ю Ангела, які зьявіўся яму ў цярнёвым кусьце.
36 Ён вывеў іх, зрабіўшы цуды і знакі ў зямлі Ягіпту і ў Чырвоным моры і ў пустэльні (за) сорак гадоў.
37 Гэта той Масей, які сказаў сыном Ізраэля: Прарока вам паставіць Госпад Бог ваш з братоў вашых як мяне, Яго будзеце слухаць.
38 Гэты, які быў у лучнасьці з Ангелам у пустэльні, які гаварыў зь ім на гары Сінай і ба́цькам нашым, які прыняў словы жывыя, (каб) перадаць (іх) нам.
39 Яму ня захацелі быць паслухмянымі ба́цькі нашыя, але адхілілі (яго) ды былі павернуты сэрцамі сваімі да Ягіпту,
40 сказаўшы Агарону: зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо (з) Масеям, тым, які вывеў нас зь зямлі Ягіпту, ня ведаем, што сталася зь ім.
41 І ў тыя дні вырабілі бычка, ды прынесьлі ахвяру ідалу і радаваліся з учынкаў рук сваіх.
42 І адвярнуўся ад (іх) Бог і пакінуў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: дом Ізраэля, ці прыносілі (вы) Мне ахвярныя жывёлы і ахвяры сорак гадоў у пустэльні?
43 Але (вы) паднялі скінію Малохаву і зорку бога вашага Рамхвана, абразы, якія (вы) зрабілі, каб пакланяцца ім: дык (Я) перасялю вас аж за Бабілён.
44 Скінія сьведчаньня была́ ў (асяро́дку) ба́цькаў нашых у пустэльні, як загадаў зрабіць яе Масею Той, Хто гаварыў (да яго), па ўзору які (ён) бачыў.
45 І яе прыняўшы пераемна дане́сьлі ба́цькі нашыя разам зь Ісусам (Навінам) у зямлю народаў, якіх прагнаў Бог ад аблічча ба́цькаў нашых аж да дзён Давіда,
46 які знайшоў Багадаць перад Богам і маліў, каб знайсьці жыльлё Богу Якубаваму.
47 Салямон жа пабудаваў Яму Дом.
48 Але Найвышэйшы ня ў рукатворных Сьвятынях жыве, як кажа прарок.
49 Госпад кажа: Неба — Пасад Мой, зямля — падножжа Ног Маіх. Які дом пабудуеце Мне? ці якое мейсца (для) супачынку Майго?
50 Ці (ж) ня Рука Мая стварыла гэта ўсё?
51 Упартыя ды з няабрэзаным сэрцам і вушыма! Вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як ба́цькі вашыя, так і вы.
52 Каго з прарокаў ня гна́лі ба́цькі вашыя? Ды пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Справядлівага, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся.
53 (Вы), якія прынялі Закон па загаду Ангелаў ды ня захава́лі яго.
54 Слухаючы ж гэтае (яны) лопаліся ад злосьці ў сэрцах сваіх ды скрыгаталі зубамі на яго.
55 (Ён) жа, будучы поўны Духа Сьвятога, уце́міўшы по́зірк на Неба, угледзіў Славу Бога і Ісуса, стоючы праваруч Бога
56 і сказаў: вось, бачу Нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, стоючы праваруч Бога.
57 І загаласіўшы моцным голасам (яны) пазатыкалі вушы свае і аднадушна кінуліся на яго,
58 і выгнаўшы за места каменавалі (яго). А сьведкі пакла́лі вопраткі свае ля ног юнака на імя Саўла
59 і бíлі камнямі Сьцяпана, які маліўся і гаварыў: Госпадзе Ісусе, прымі дух мой!
60 І, укленчыўшы, загаласіў моцным голасам: Госпадзе, ня палічы ім грэху гэтага! І сказаўшы гэта памёр.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.