Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
2 Петра 2 глава
1 Але паяўляліся і лжэпрарокі ў народзе, як і між вас будуць ілжэнастаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі, і, адракаючыся ад Уладара, што выкупіў іх, навядуць на сябе саміх хуткую пагібель.
2 І многія пойдуць услед іх распушчанасці і з-за іх дарога праўды будзе зняважана.
3 І ў сквапнасці з прытворнымі словамі яны будуць прадаваць вас; прысуд ім даўно ў моцы і пагібель іх не дрэмле.
4 Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, што саграшылі, а ў путах цемры скінуўшы ў тартар, аддаў трымаць для суда,
5 і не пашкадаваў старажытнага свету, але захаваў восем душ і між іх Ноя, прапаведніка праведнасці, калі навёў патоп на свет бязбожнікаў,
6 і гарады Садом і Гамору, спапяліўшы, асудзіў [на зруйнаванне], даючы прыклад кары тым, хто намерыўся жыць бязбожна,
7 а праведнага Лота, прытомленага распуснымі паводзінамі беззаконнікаў, выбавіў,
8 бо гэты праведнік, жывучы між іх, мучыўся дзень пры дні сваёю праведнай душою, бачачы і чуючы беззаконныя ўчынкі;
9 то ведае Госпад, як збаўляць набожных ад спакусы, а няправедных захоўваць на дзень суда для пакарання,
10 найболей жа тых, якія ідуць за нячыстымі пажадлівасцямі цела і пагарджаюць уладаю. Нахабнікі, самалюбцы, яны не дрыжаць, блюзнерачы супроць нябеснай славы.
11 тады як Анёлы, большыя за іх магутнасцю і сілаю, не выносяць на іх перад Госпадам зневажальнага суду.
12 А гэтыя, нібы неразумныя жывёліны, што ад прыроды народжаныя на ўлоў і забой, блюзнераць на тое, чаго не ведаюць, у сваім знішчэнні іншых і будуць знішчаны,
13 прымуць кару як заплату за няправеднасць; яны асалодаю лічаць распусту сярод дня; самі — плямы і заганы, яны раскашуюцца ў сваіх падманах, банкетуючы разам з вамі;
14 вочы ў іх поўныя чужаложства і несупыннага граху; яны звабліваюць няцвёрдыя душы; сэрца ў іх прывучана да хцівасці, яны дзеці праклёну.
15 Пакідаючы простую дарогу, яны зблудзілі, пайшоўшы дарогаю Валаама, сына Васоравага, які палюбіў плату за няправеднасць,
16 але быў выкрыты ў сваім беззаконні, безгалосая пад’ярэмная жывёліна, прамовіўшы чалавечым голасам, спыніла вар’яцтва прарока.
17 Гэтыя людзі — бязводныя крыніцы і туманы, гнаныя бураю, для якіх захавана цемень [вечнай] цемры.
18 Бо, вымаўляючы высакапарныя пустыя словы, яны звабліваюць пажадлівасцямі цела праз распусту тых, хто ледзь уцёк, ад тых, што жывуць у аблудзе,
19 абяцаючы ім свабоду, яны самі рабы разбэшчанасці: бо хто кім пераможаны, той таго і раб.
20 Бо калі, пазбегнуўшы ад апаганьванняў свету праз пазнанне [нашага] Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста, але зноў заблытаўшыся ў іх, яны пераможаны, то для іх апошняе зрабілася горшым за першае.
21 Бо лепш было б ім не пазнаць дарогі праведнасці, чым, пазнаўшы, вярнуцца назад ад перададзенай ім святой запаведзі.
22 З імі здарылася паводле справядлівай прыказкі: «Сабака вярнуўся да сваіх ванітаў, а вымытая свіння ідзе качацца ў гразі».
2 Петра 2 глава в переводах