Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
2 Петра 2 глава
Пазбягаць фальшывых настаўнікаў1 Былі ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі і, выракаючыся таго, хто адкупіў іх, Валадара, наклічуць на сябе хуткую згубу.
2 Многія пойдуць за іх разбэшчанасцю, і праз іх шлях праўды будзе зняважаны.
3 У хцівасці будуць лавіць вас ліслівымі словамі. Прысуд ім даўно гатовы, і згуба іх не абміне.
Тры прыклады з мінулага4 Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, якія зграшылі, але, звязаўшы путамі цемры, скінуў у адхлань, каб там чакалі суда;
5 калі не пашкадаваў таксама даўняга свету, але паслаў патоп на бязбожных, захаваўшы толькі восем асобаў разам з Ноем, веснікам справядлівасці;
6 і калі гарады Садому і Гамору, асудзіўшы на знішчэнне, абярнуў у попел, як перасцярогу бязбожнікам,
7 а справядлівага Лота, змучанага распусным жыццём нягоднікаў, уратаваў,
8 бо гэты справядлівы, жывучы сярод іх і чуючы ды бачачы ўчынкі беззаконня, штодня зведваў пакуты справядлівай душы,
9 то ведае Пан, як уратаваць пабожных ад выпрабавання, а несправядлівых захаваць на дзень суда,
10 асабліва тых, што служаць целу ў нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць Божай уладай. Дзёрзкія, ганарыстыя, не баяцца нават зневажаць нябесныя істоты,
11 тады як анёлы, хоць большыя сілаю і моцаю, не асуджаюць іх перад Панам.
12 А яны, як неразумныя жывёлы, народжаныя паводле прыроды на ўлоў ды ўбой, зневажаюць тое, чаго не ведаюць, таму як гэтыя жывёлы будуць знішчаныя
13 і атрымаюць адплату за несправядлівасць. Шчасцем лічаць яны штодзённую асалоду; бессаромныя і распуснікі, яны знаходзяць асалоду ў сваіх ашуканствах, банкетуючы з вамі.
14 Вочы іхнія напоўнены чужаложствам і няспынным грахом; яны зводзяць слабых; іх сэрца прывучана да нажывы; гэта сыны праклёну.
15 Яны пакінулі просты шлях, заблукалі, сышоўшы на дарогу Балаама, сына Басора, які палюбіў несправядлівую ўзнагароду,
16 але быў асаромлены за сваё беззаконне: бязмоўная ўючная жывёліна, прамовіўшы чалавечым голасам, спыніла шаленства прарока.
17 Гэта крыніцы бязводныя, хмары, што бура ганяе; для іх падрыхтаваны змрок цемры.
18 Бо, прамаўляючы надзьмутыя і пустыя словы, яны зводзяць праз пажадлівасць цела і распусту тых, хто ледзь толькі ўцёк ад заблукалых.
19 Яны абяцаюць ім свабоду, хоць самі застаюцца нявольнікамі знішчэння, бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
20 Калі ж, уцёкшы ад сапсаванасці свету праз пазнанне нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста, зноў, заблытаўшыся, паддаюцца ёй, то апошняе для іх горшае за першае.
21 Бо лепш было б ім не ведаць дарогі справядлівасці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад перададзенай ім святой запаведзі.
22 Сталася з імі паводле слушнай прыказкі: «Сабака вяртаецца да сваіх ванітаў, а вымытая свіння — у брудную лужыну».
2 Петра 2 глава в переводах