Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
2 Петра 2 глава
1 Былі-ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя вучыцялі, якія ўвядуць згубныя гэрэзіі і, адцураўшыся адкупіўшага іх Госпада, сьцягнуць самі на сябе́ хуткую загубу.
2 І многія пойдуць сьле́дам за імі да загубы, і праз іх шлях праўды зьняважа́ны будзе.
3 І дзеля імкне́ньня да зыску будуць яны вас лавіць лісьлівымі словамі; суд ім даўно гатовы, і загуба іх ня дрэмле,
4 Бо калі не дараваў Бог ангелам, якія саграшылі, але, кінуўшы ў путы це́мры пяке́льнае, аддаў закаваць іх на суд;
5 і калі не пашкадаваў пе́ршага сьве́ту, але ў васьмёх душах захаваў Ноя, апавядальніка праўды, як навёў быў патоп на сьве́т паганых;
6 і калі ме́сты Садомскія й Гаморскія, засудзіўшы на зьнішчэньне, абярнуў у попел, як прыклад для будучых бязбожнікаў,
7 а пра́веднага Лота, стомленага распусным жыцьцём між людзьмі бязбожнымі, выбавіў, —
8 (бо гэты праведнік, жывучы між імі, з дня ў дзе́нь мучыў справядлівую душу сваю, бачучы і чуючы ўчынкі беззаконныя), —
9 дык ве́дае Госпад, як збаўляць пабожных ад спакушэньня, а няправедных захоўваць на дзе́нь суда дзеля пакараньня,
10 найбале́й жа тых, якія йдуць за це́лам у нячыстых пажаданьнях ды не паважаюць начальства; якія дзёрзкія, сваявольныя й не баяцца абмаўляць вышэйшых,
11 тады як і Ангелы, большыя за іх моцаю й сілаю, ня выносяць на іх перад Госпадам дакараючага суда.
12 Яны, як бязмоўныя жывёлы прыродныя, народжаныя на ловы й убой, лаюць тое, чаго не разуме́юць, і ў тле́ньні сваім вынішчаны будуць,
13 і заплату дастануць за няпраўду. Бо за шчасьце лічаць яны штодзе́нныя раскошы; со́раматнікі й паскуднікі, яны асалоду знаходзяць у ашуканствах сваіх, банкетуючы з вамі;
14 вочы маюць поўныя юрнасьці й нясупыннага грэху; яны душы няцьвёрдыя прывабліваюць; яны маюць сэрцы, прывучаныя да нажывы: гэта сыны праклёну.
15 Пакінуўшы праведны шлях, яны зблудзілі, пайшоўшы па сьлядох Валаама, сына Васо́равага, што палюбіў заплату няправедную;
16 ён быў пакараны за сваё беззаконьне: бязмоўная асьліца, прагаварыўшы чалаве́чым голасам, затрымала шал прарока.
17 Гэта крыніцы бязводныя, аблокі, бурай ганяныя: для іх це́мра чорная наве́кі прыгатована.
18 Бо, прамаўляючы надзьмутымі й пустымі словамі, яны прынаджываюць пажаданьнямі це́ла й распустаю тых, хто ле́дзь толькі ўцёк ад зблудзіўшых;
19 яны суляць ім свабоду, а самі яны — рабы тле́ньня, бо хто кім пераможаны, той таму й раб.
20 Бо, уцёкшы ад по́шкудзі сьве́ту праз пазнаньне Госпада і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, ізноў, заблутаўшыся, паддаюцца ёй, дык апошяе для іх горш за пе́ршае:
21 бо ле́пей бы ім не пазнаць шляху праўды, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад пераданае ім сьвятое за́паведзі.
22 Бо з імі сталася паводле справядлівай прыказкі: сабака варочаецца да бляво́ціны свае́й, а вымытая сьвіньня — валяцца ў брудзе.
2 Петра 2 глава в переводах