Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Есфирь 3 глава
1 Пасьля гэтых падзеяў узьвялічыў валадар Ахашвэрош Амана, сына Гамэдата, Агагяніна, і ўзьняў яго, і паставіў пасад ягоны вышэй за ўсіх князёў, якія [былі] з ім.
2 І ўсе слугі валадара, якія [былі] пры браме валадарскай, кленчылі і схіляліся перад Аманам, бо гэтак загадаў валадар. А Мардэхай ня кленчыў і не схіляўся.
3 І сказалі слугі валадара, якія пры браме валадарскай, Мардэхаю: «Чаму ты парушаеш прыказаньне валадара?»
4 І сталася, што яны гаварылі яму кожны дзень, а ён ня слухаў іх, і яны данесьлі Аману, каб паглядзець, ці вытрывае ў слове Мардэхай, бо ён выявіў, што ён — Юдэй.
5 І ўбачыў Аман, што Мардэхай ня кленчыць і не пакланяецца яму, і напоўніўся Аман гневам.
6 І ён пагрэбаваў у вачах сваіх узьняць руку сваю на аднаго Мардэхая, але калі выявілі яму народ Мардэхая, шукаў Аман, каб выгубіць усіх Юдэяў, народ Мардэхая, які ў-ва ўсім валадарстве Ахашвэроша.
7 У першы месяц, значыцца месяц Нісан, у дванаццаты год валадара Ахашвэроша, кідалі пур, значыцца жэрабя, перада абліччам Амана дзень пры дні, месяц пры месяцы, і [жэрабя выпала] на дванаццаты [месяц] Адар.
8 І сказаў Аман валадару Ахашвэрошу: «Ёсьць адзін народ, расьцярушаны і падзелены паміж народамі ў-ва ўсіх акругах валадарства твайго; і законы іхнія розьняцца ад [законаў] усіх народаў, і законаў валадара яны не выконваюць; і валадару не карысна пакінуць іх [без увагі].
9 Калі валадару гэта [падаецца] добрым, няхай будзе напісана, каб яны былі выгублены; і я адважу дзесяць тысячаў талентаў срэбра на рукі тых, якія зробяць гэтую працу, каб занесьлі ў скарбніцу валадара».
10 І зьняў валадар сыгнэт свой з рукі сваёй, і даў яго Аману, сыну Гамэдата, Агагяніну, ворагу Юдэяў.
11 І сказаў валадар Аману: «Срэбра гэтае аддаю табе, і народ гэты. Рабі з ім, як добра ў вачах тваіх».
12 І паклікалі пісараў валадарскіх у трынаццаты дзень першага месяца, і яны напісалі ўсё, што загадаў Аман, да сатрапаў валадара і да ваяводаў, якія ў кожнай акрузе, і князям кожнага народу, у кожную акругу пісьмом ейным і кожнаму народу — моваю ягонай; напісалі ад імя валадара Ахашвэроша і запячаталі сыгнэтам валадара.
13 І пасланы былі лісты ганцамі ў-ва ўсе акругі валадарскія, каб вынішчыць, забіць і выгубіць усіх Юдэяў, ад юнака аж да старога, дзяцей і жанчынаў, у адзін дзень, трынаццаты дзень дванаццатага месяца, значыцца месяца Адар, і маёмасьць іхнюю разрабаваць.
14 Водпіс гэтага пісаньня каб быў перададзены як закон у кожную акругу, каб быў абвешчаны ўсім народам, каб яны былі гатовыя да гэтага дня.
15 Ганцы выйшлі, сьпяшаючыся паводле слова валадара, і закон быў абвешчаны ў Шушане сталіцы. І валадар і Аман селі, каб піць, а горад Шушан быў у замяшаньні.
Есфирь 3 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча