Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Есфирь 4 глава

1 А Мардэхай даведаўся пра ўсё, што зрабілася, і разьдзёр Мардэхай шаты свае, і апрануў на сябе зрэбніцу і попел; і выйшаў на сярэдзіну гораду, і крычаў крыкам вялікім і голасным.
2 І прыйшоў аж да брамы валадарскай, бо нельга было ўваходзіць у браму валадарскую ў зрэбніцы.
3 І ў кожнай акрузе і месцы, куды дайшло слова валадара і закон ягоны, была вялікая жалоба ў Юдэяў, і пост, і плач, і галашэньне; і зрэбніца і попел сталіся ложкам для мноства.
4 І прыйшлі дзяўчаты Эстэр і эўнухі ейныя, і паведамілі ёй, і вельмі захвалявалася валадарка, і паслала шаты, каб Мардэхай апрануў [іх] і зьняў з сябе зрэбніцу сваю, але ён не прыняў.
5 І паклікала Эстэр Гатаха, [аднаго] з эўнухаў валадара, якога ён прыставіў да яе, і загадала даведацца пра Мардэхая, што гэта і чаму гэта.
6 І пайшоў Гатах да Мардэхая на гарадзкую плошчу, якая перад брамай валадарскай.
7 І паведаміў яму Мардэхай пра ўсё, што адбылося з ім, і пра вызначаную [вагу] срэбра, якое абяцаў Аман адважыць у скарбніцу валадарскую за Юдэяў, каб выгубіць іх.
8 І даў яму водпіс ліста закону, выдадзенага ў Шушане на вынішчэньне [Юдэяў], каб паказаў Эстэр і паведаміў ёй, і загадаў ёй, каб яна пайшла да валадара маліць яго і прасіць яго за народ свой.
9 І прыйшоў Гатах, і паведаміў Эстэр словы Мардэхая.
10 І сказала Эстэр Гатаху, і загадала [пераказаць] Мардэхаю:
11 «Усе слугі валадара і народ акругаў валадарскіх ведаюць, што для кожнага мужчыны і жанчыны, хто ўвойдзе да валадара на ўнутраны панадворак, калі яго ня клікалі, адзін закон — мае быць забіты. І толькі той, да каго выцягне валадар скіпетр свой залаты, будзе жыць. А мяне ня клікалі, каб прыйсьці да валадара, вось ужо трыццаць дзён».
12 І ён паведаміў Мардэхаю словы Эстэр.
13 І сказаў Мардэхай, каб адказалі Эстэр: «Ня думай у душы тваёй, што ты [адна] з усіх Юдэяў уцячэш у доме валадарскім [ад загубы].
14 Бо калі моўчкі прамаўчыш у гэты час, палёгка і выратаваньне прыйдзе для Юдэяў з іншага месца, а ты і дом бацькі твайго загінеце. І хто ведае, ці ня дзеля такога часу, як гэты, ты дасягнула валадарства?»
15 І сказала Эстэр, каб адказалі Мардэхаю:
16 «Ідзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, якія знаходзяцца ў Шушане, і посьціце за мяне, і ня ешце і ня піце тры дні, ані ўдзень, ані ўначы; і я, і дзяўчаты мае будзем таксама посьціць, і тады я пайду да валадара, хоць гэта не паводле закону, і калі маю загінуць, дык загіну».
17 І адыйшоў Мардэхай, і зрабіў усё, як загадала яму Эстэр.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.