Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Екклесиаст 8 глава
1 Хто як мудрэц, і хто ведае значэньне рэчаў? Мудрасьць чалавека прасьвятляе аблічча ягонае, і суровасьць аблічча ягонага зьмяняецца.
2 Я [раю]: [Словы] вуснаў валадара захоўвай дзеля словаў прысягі перад Богам.
3 Не сьпяшайся зыходзіць ад аблічча ягонага, не стой пры словах ліхіх, бо ўсё, што захоча, ён зробіць.
4 Дзе слова валадара, там улада, і хто скажа яму: “Што ты робіш?”
5 Хто захоўвае прыказаньне, не дазнае ніякага ліха. А сэрца мудрага спазнае і час, і суд,
6 бо для кожнай рэчы ёсьць час і суд, а вялікае ліха чалавеку з-за таго,
7 што ня ведае ён, што будзе, і як гэта будзе, хто паведаміць яму?
8 Няма чалавека, які мае ўладу над ветрам, каб утрымаць вецер, і няма ўладара над днём сьмерці, і няма звальненьня ў гэтай вайне, і не ўратуе беззаконьне таго, хто мае яго.
9 Усё гэта я бачыў, і прыкладаў сэрца маё да ўсіх справаў, якія робяцца пад сонцам, [бачыў] час, калі чалавек мае ўладу над чалавекам на гора яму.
10 Таксама бачыў я злачынцаў пахаваных, і прыходзілі [да іх], і адыходзілі ад месца сьвятога, і забываліся ў горадзе, што яны так рабілі. І гэта таксама марнасьць.
11 Бо не адразу выносіцца прысуд супраць ліхіх учынкаў. Дзеля гэтага сэрца сыноў чалавечых напоўнена імі, каб чыніць зло.
12 Хоць грэшнік сто разоў чыніць зло, але доўга жыве. Але я ведаю таксама, што будзе добра тым, якія баяцца Бога, якія баяцца аблічча Ягонага.
13 І ня будзе добра бязбожніку, і не падоўжыць ён дзён сваіх, падобны да ценю той, хто ня мае страху перад абліччам Божым.
14 Ёсьць такая марнасьць, якая робіцца на зямлі, што ёсьць праведнікі, з якімі здараецца тое, на што заслугоўваюць учынкі бязбожнікаў, і ёсьць бязбожнікі, з якімі здараецца тое, на што заслугоўваюць учынкі праведнікаў. І я сказаў, што гэта таксама марнасьць.
15 І пахваліў я радасьць, бо няма нічога чалавеку лепшага пад сонцам, як есьці і піць, і весяліцца, і гэта няхай будзе з ім у цяжкай працы ягонай у дні жыцьця ягонага, якія даў яму Бог пад сонцам.
16 Калі прыклаў я сэрца маё, каб спазнаць мудрасьць і ўбачыць заняткі, якімі займаюцца на зямлі, бо дзень і ноч ня бачыць [чалавек] сну для вачэй сваіх,
17 тады ўбачыў я ўсе справы Божыя, што чалавек ня можа зразумець справы, якія робяцца пад сонцам; і колькі б чалавек ні намагаўся шукаць гэта, нічога ня знойдзе; і хаця б мудры сказаў, што ведае, ён ня можа знайсьці.
Екклесиаст 8 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча