Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Екклесиаст 8 глава
1 Хто такі, як мудрэц, і хто пазнаў тлумачэнне рэчаў? Мудрасць чалавечая прасвятляе яго воблік ды змяняе суровасць яго твару.
2 Загады цара слухай; і дзеля прысягі, [складзенай] перад Богам,
3 не спяшайся адыходзіць ад аблічча яго, не трывай у ліхасці, бо ўсё, што толькі захоча, зробіць ён.
4 Бо слова яго поўнае моцы, ніхто не можа сказаць яму: «Чаму так робіш?»
5 Хто выконвае загад, не зведае аніякага ліха. Сэрца мудрага разумее час і суд.
6 Для кожнай справы — час і суд, і турбаванне чалавека — вялікае;
7 бо не ведае ён, што станецца потым, бо хто ж яму абвесціць, што адбудзецца?
8 Няма ў чалавека моцы ані панаваць над духам, ані паўстрымаць дух, і не мае ён моцы над днём смерці, ды аніякага вызвалення ад надыходу вайны, і не ўратуе бязбожніка бязбожнасць.
9 Усё гэта я абдумаў і аддаў сэрца маё ўсім справам, якія адбываюцца пад сонцам, у часе, калі чалавек пануе над чалавекам на сваё няшчасце.
10 І так я ўбачыў, як хавалі бязбожнікаў, як сыходзілі са святога месца; як забываліся пра іх у горадзе, што яны так чынілі: але і гэта — марнасць.
11 Бо, паколькі не выносіцца хутка прысуд супраць ліхіх спраў, сэрца сыноў чалавечых натхняецца, каб чыніць зло.
12 Бо грэшнік вось сторазова робіць ліха, а доўжыць дні свае. Але я пазнаў, што добра будзе тым, якія шануюць Бога, якія саромеюцца аблічча Яго.
13 Не будзе добра бязбожніку, не падоўжыць дзён сваіх, быццам цень, той, хто не шануе аблічча Госпада.
14 Ёсць марнасць, якая бывае на зямлі: ёсць справядлівыя, з якімі здараецца ліхое, як быццам бы яны зрабілі так, як бязбожнікі, і ёсць бязбожнікі, з якімі здараецца добрае, як быццам бы яны выконваюць учынкі справядлівых; але і гэта я лічу наймарнейшым.
15 Дык пахваліў я радасць, бо нічога добрага няма чалавеку пад сонцам, — толькі каб есці, піць і радавацца, і хай атрымлівае ён толькі гэта ад працы сваёй у дні жыцця свайго, якія даў яму Бог пад сонцам.
16 Калі прыклаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасць і зразумець падзеі, якія адбываюцца на зямлі, бо днём і ноччу сон не апаноўвае вачэй,
17 тады зразумеў я, што адносна ўсіх спраў Божых чалавек не можа знайсці аніякай прычыны таго, што адбываецца пад сонцам; і чым больш чалавек будзе намагацца высветліць гэта, тым менш спасцігне; і нават калі мудрэц скажа, што ён зразумеў, ён не можа спасцігнуць.
Екклесиаст 8 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча