Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Даниил 2 глава

1 У другім годзе валадараньня Навухаданосара сьніў Навухаданосар сны, і дух ягоны стрывожыўся, і сон ягоны адыйшоў ад яго.
2 І сказаў валадар паклікаць варажбітоў, астролягаў, чараўнікоў і Халдэяў, каб распавялі валадару сны ягоныя. І яны прыйшлі, і сталі перад абліччам валадара.
3 І сказаў валадар ім: «Сьніў я сон, і стрывожыўся дух мой, бо [хачу] ведаць сон».
4 І гаварылі Халдэі валадару па-арамейску: «Валадару! Жыві на вякі! Раскажы сон слугам тваім, і яго значэньне мы патлумачым».
5 Адказаў валадар і сказаў Халдэям: «Слова адыйшло ад мяне. Але калі вы не паведаміце мне [мой] сон і значэньне ягонае, вы будзеце пасечаныя [на кавалкі], і дамы вашыя будуць ператвораныя ў руіны.
6 А калі сон і значэньне ягонае патлумачыце, атрымаеце ад мяне дары, нагароду і ўшанаваньне вялікае. Дзеля гэтага сон і значэньне ягонае растлумачце мне».
7 Яны адказалі другі раз і сказалі: «Няхай раскажа валадар слугам тваім сон, і мы патлумачым значэньне ягонае».
8 Адказаў валадар і сказаў: «Ведаю дакладна, што вы цягнеце час, бо бачыце, што адыйшло ад мяне слова.
9 Але калі вы не паведаміце мне сон [мой], значыцца, адзін намер у вас, бо вы згадзіліся словы падманлівыя і фальшывыя казаць перада мною, пакуль ня пройдзе час. Дзеля гэтага раскажыце мне сон, і я даведаюся, што вы патлумачыце мне значэньне ягонае».
10 Адказалі Халдэі валадару і сказалі: «Няма на зямлі чалавека, які мог бы патлумачыць справу валадара. Дзеля гэтага ніякі валадар вялікі і магутны не патрабуе такога ў чараўніка, астроляга і Халдэя.
11 А гэтая справа, якую валадар патрабуе, цяжкая, і няма нікога, хто мог бы выявіць яе перад валадаром, акрамя багоў, якія не жывуць з цялеснымі [людзьмі]».
12 З-за гэтага валадар загневаўся і зазлаваўся моцна, і сказаў выгубіць усіх мудрацоў Бабілонскіх.
13 І пастанова выйшла, каб мудрацы былі забітыя, і шукалі Данііла і сяброў ягоных, каб забіць іх.
14 Тады Данііл зьвярнуўся з радаю і разумнасьцю да Арыёха, начальніка варты валадара, які выйшаў, каб забіваць мудрацоў Бабілонскіх.
15 Ён адказаў і сказаў Арыёху, гетману валадара: «Чаму такі жорсткі загад валадара?» Тады Арыёх паведаміў гэтую справу Даніілу.
16 І Данііл пайшоў і прасіў валадара, каб той даў яму час, і ён патлумачыць валадару значэньне [сну].
17 Тады Данііл пайшоў у дом свой і паведаміў справу гэтую Ананіі, Мішаэлю і Азарыі, сябрам сваім,
18 каб яны прасілі літасьці ў Бога Нябеснага адносна таямніцы гэтай, каб не загінулі Данііл і сябры ягоныя разам з рэштаю мудрацоў Бабілонскіх.
19 Тады Даніілу ў відзежы начным была выяўлена таямніца, і Данііл дабраславіў Бога Нябеснага.
20 Адказаў Данііл і сказаў: «Няхай будзе дабраслаўлёнае імя Божае ад веку і на вякі, бо мудрасьць і сіла ў Яго.
21 І Ён зьмяняе часы і поры, Ён скідае валадароў і ставіць валадароў, дае мудрасьць мудрым і веданьне тым, якія маюць розум.
22 Ён выяўляе глыбокае і схаванае; Ён ведае, што ў цемры, і сьвятло жыве з Ім.
23 Дзякую Табе і слаўлю Цябе, Божа бацькоў маіх, што мудрасьць і сілу Ты даў мне, а цяпер паведаміў мне тое, пра што прасілі мы ў Цябе, бо Ты паведаміў нам справу валадара».
24 Пасьля гэтага Данііл пайшоў да Арыёха, якога валадар прызначыў, каб ён выгубіў мудрацоў Бабілонскіх. Ён прыйшоў і сказаў яму гэтак: «Не забівай мудрацоў Бабілонскіх. Прывядзі мяне да валадара, і я патлумачу валадару значэнне [сну]».
25 Тады Арыёх пасьпешліва прывёў Данііла да валадара і сказаў яму гэтак: «Я знайшоў чалавека з сыноў палону, з Юдэяў, які паведаміць валадару значэньне [сну]».
26 Адказаў валадар і сказаў Даніілу, якога імя [было] Бэльтэшацар: «Ці ты можаш паведаміць мне сон, які я бачыў, і значэньне ягонае?»
27 Адказаў Данііл валадару і сказаў: «Таямніцу, якую валадар патрабуе, ня могуць патлумачыць валадару ані мудрацы, ані астролягі, ані чараўнікі, ані варажбіты.
28 Але ёсьць Бог у небе, Які выяўляе таямніцы, і Ён паведамляе валадару Навухаданосару, што мае быць у канцы дзён. Сон твой і відзеж галавы тваёй на ложку тваім гэткія.
29 Да цябе, валадару, думкі твае на ложку тваім прыйшлі пра тое, што мае быць пасьля гэтага, і Той, Які выяўляе таямніцы, паказаў табе, што станецца.
30 Але мне таямніца гэтая выяўлена не з прычыны мудрасьці, што яна ёсьць у-ва мне больш, чым у-ва ўсіх, хто жыве, але дзеля таго, каб паведаміць валадару значэньне [сну] і каб ты мог ведаць думкі сэрца твайго.
31 Ты, валадару, глядзеў, і вось, адзін балван вялікі, балван вялізарны, і бляск ягоны надзвычайны. Ён стаяў перад табою, і выгляд ягоны [быў] страшны.
32 У балвана гэтага галава з чыстага золата, грудзі ягоныя і рамёны ягоныя — са срэбра, жывот ягоны і сьцёгны ягоныя — з медзі,
33 галёнкі ягоныя — з жалеза, стопы ягоныя — часткова з жалеза, а часткова з гліны.
34 Ты глядзеў, аж вось камень быў адарваны, але не рукамі, і ўдарыў [камень] у балвана, у стопы ягоныя з жалеза і гліны, і разьбіў іх.
35 Тады разьбіліся на кавалкі жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата і сталіся як мякіна на таку летам, і вецер панёс іх, і ніякага сьледу не знайшлося пасьля іх. А камень, які ўдарыў балвана, стаў гарою вялізарнаю і напоўніў усю зямлю.
36 Гэтакі сон [быў], а значэньне ягонае [цяпер] раскажам перад валадаром.
37 Ты, валадару, — валадар валадароў, якому Бог нябесны даў валадарства, моц, сілу і славу.
38 І паўсюль, дзе жывуць сыны чалавечыя, зьвяры палявыя і птушкі нябесныя, Ён даў [іх] у руку тваю і паставіў цябе панам над усімі імі. Ты — гэта тая галава з золата.
39 А пасьля цябе паўстане іншае валадарства, ніжэйшае за цябе, і іншае трэцяе валадарства з медзі, якое будзе панаваць над усёю зямлёю.
40 А чацьвёртае валадарства будзе моцнае, як жалеза; бо як жалеза ломіць і крышыць усё, і як жалеза таўчэ ўсё, так яно зломіць і скрышыць [усё].
41 А тое, што ты бачыў стопы і пальцы часткова з гліны ганчарнай, а часткова з жалеза, [значыць, што] валадарства будзе падзеленае, і будзе ў ім нешта з моцнасьці жалеза, бо ты бачыў жалеза, зьмяшанае з глейкаю глінай.
42 І як пальцы ног часткова з жалеза, а часткова з гліны, так валадарства будзе часткова моцнае, а часткова крохкае.
43 І як ты бачыў жалеза, зьмяшанае з глейкаю глінай, так яны будуць зьмяшаныя насеньнем людзкім, але ня будуць злучаныя адно з адным, як жалеза не мяшаецца з глінаю.
44 А ў дні валадароў тых Бог Нябесны паставіць валадарства, якое вечна ня будзе зьнішчана, і гэтае валадарства ня будзе пераходзіць да іншага народу; яно скрышыць і зруйнуе ўсе валадарствы, а само будзе стаяць на вякі,
45 бо ты бачыў, што ад гары быў адарваны камень, але не рукамі, і ён разьбіў жалеза, медзь, гліну, срэбра і золата. Бог вялікі паказаў валадару тое, што станецца пасьля. І сон гэты праўдзівы, і значэньне яго дакладнае».
46 Тады валадар Навухаданосар упаў на аблічча сваё, і пакланіўся Даніілу, і загадаў, каб прынесьлі яму дары і кадзіла.
47 Валадар адказаў Даніілу і сказаў: «Сапраўды, Бог ваш — Бог багоў і Гаспадар валадароў! Ён выяўляе таямніцы, бо ты змог выявіць таямніцу гэтую».
48 Тады валадар узьвялічыў Данііла і даў яму шмат вялікіх дароў, і зрабіў яго панам над усёй краінай Бабілонскай і галоўным начальнікам над усімі мудрацамі Бабілонскімі.
49 І Данііл прасіў валадара, і ён паставіў над справамі краіны Бабілонскай Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, а Данііл [быў] пры браме валадарскай.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.